«Родник» — уборка «второго хлеба» в разгаре

Сельское хозяйство Экономика

Бульба ў рэкламе не мае патрэбу
Беларусь да 2015 года павінна павялічыць штогадовы экспарт бульбы да аднаго мільёна тон. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка ў ходзе нядаўняга наведвання ААТ “Айчына” Пружанскага раёна. З мэтай далейшага развіцця бульбаводства прапануецца ўдасканаліць існуючую сістэму насенняводства гэтай культуры, павялічыць колькасць вырошчваемых сартоў бульбы айчыннай селекцыі, прадоўжыць узбуйненне гаспадарак па вырошчванні “другога хлеба”. У ліку напрамкаў,
якія будуць садзейнічаць развіццю бульбаводства, – будаўніцтва новых сучасных бульбасховішчаў, рэканструкцыя ўжо існуючых.
Шчыра кажучы, сёння пазіцыі ў бульбаводстве далёка не такія, як былі ў савецкія часы. Няма вялікіх вагонаў бульбы, якія адпраўлялі за межы рэспублікі. Праўда, сёлета экспарт дзякуючы нядрэннаму ўраджаю вырасце. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што сёння ад бульбы можна атрымаць большы прыбытак, чым ад вырабу нафтапрадуктаў. Значыць, трэба павялічваць пасевы. А як наконт гэтага ў нашым раёне?
У сялянска-фермерскай гаспадарцы “Крыніца” рэнтабельнасць бульбы ў мінулым годзе склала 40%. Сёлета, мяркуюць, будзе не горшая. Але яшчэ ёсць рэзервы ў плане павышэння ўраджайнасці,  пашырэння пасяўных плошчаў. “Каб мець прыбытак, трэба садзіць шмат гектараў бульбы, – расказаў выканаўчы дырэктар СФГ “Крыніца” А. В. Лагуноў. – На наступны год  будзем мець пад ёй дзвесце гектараў».
Сёння ўборка бульбы ў сялянска-фермерскай гаспадарцы “Крыніца” ў самым разгары. На мінулым тыдні гаспадарка па лізінгу атрымала новы камбайн.
– Працую на новай тэхніцы другі дзень, – расказаў механізатар Анатоль Карнякоў. – У бункер змяшчаецца пяць тон. А ўвогуле за рабочы дзень паспяваю высыпаць у прычэп дзесяць бункераў. Камбайн разлічаны на вялікія палеткі. І гэта добра, бо  ўсяго ў нашай гаспадарцы сёлета пасаджана 160 гектараў бульбы. Вялікі плюс новай тэхнікі ў тым, што  ўбірае чыста.
Сёлета ў “Крыніцы” пасаджана 15 гатункаў бульбы, сярэдняя ўраджайнасць пакуль што 200 цэнтнераў з гектара. А сорт “дэльфін” даў 400 ц/га.  Добра прыжылася бульба ўкраінскай селекцыі  –  гатунак “лугаўскі” і  нямецкай – гатунак “моллі”.
У гаспадарцы ўвесь ўраджай  бульбы ўбіраюць  камбайнамі,  ручная праца – учарашні дзень. Сёлета бульба ў рэкламе не мае патрэбу, бо шмат дзе па Беларусі яна адмокла ці не ўрадзіла. Гаспадарка рэалізавала ўжо каля двухсот тон, заяўкі паступаюць амаль кожны дзень з розных гарадоў Беларусі. Прычым, некаторыя заказваюць больш чым па сто тон. Тэлефануюць і з Расіі – там не хапае сёлета ўласнага ўраджаю, каб забяспечыць унутраны рынак. Так што, на думку кіраўніцтва “Крыніцы”,  праблем са збытам не будзе. Праблема ў іншым – паспець перабраць ды адгрузіць. Тут спадзяюцца на памочнікаў, якія, дарэчы, могуць  забяспечыць бульбай і сябе на зіму. Так, напрыклад, зрабілі ў Башнёўскай школе.
Бульба можа даваць нядрэнны прыбытак. Але нямала трэба  папрацаваць, каб у такое спякотнае лета вырасціць добры ўраджай.
Аўтар Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №71 ад 14.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *