В хозяйствах Шумилинского района проходят отчётные собрания. Репортаж из «Сиротинского»

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Мы самі сабе гаспадары”
11 лютага адбыўся справаздачны сход КУСГП “Сіроцінскі”.  У яго рабоце прыняў удзел першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  В. В. Родзіч.
Даклад дырэктара гаспадаркі С. П. Басава быў грунтоўным і аналітычным. Сяргей Пятровіч не толькі спыніўся на поспехах гаспадаркі, не толькі падзякаваў лепшым механізатарам, вадзіцелям, жывёлаводам за работу, але і прааналізаваў тыя прычыны, якія перашкаджаюць гаспадарцы быць у лідарах.
Летась  у “Сіроцінскім” намалацілі 4216 тон зерня,  занялі другое месца па раёне па яго вытворчасці – вось, бадай, і ўсё, чым можна ганарыцца. Тыя 10 цэнтнераў з гектара рапсу, што атрымалі – гэта не ўраджай. Бывалі гады, калі “Сіроцінскі” меў ўраджайнасць рапсу да 30 цэнтнераў з гектара,  быў у перадавіках на абласным узроўні. Таму ў гэтым плане ёсць над чым працаваць агранамічнай службе гаспадаркі.
С. П. Басаў спыніўся на выніках работы жывёлагадоўчай галіны. “Сіроцінскі” спецыялізуецца на вытворчасці малака.  Больш за 55% ад агульнай выручкі атрымана ад яго рэалізацыі. Менавіта “малочныя” грошы  ідуць на выплату зарплаты, на запчасткі, на электраэнергію. Але за мінулы год надой на адну карову склаў 3183 кілаграмы малака, гэта на 11,4% ніжэй, чым у сярэднім па раёне.  Сталыя жывёлаводы памятаюць, як у свой час (тады дырэктарам гаспадаркі была Г. М. Атрахімовіч) сіроцінцы дабіваліся лепшых надояў па раёне – пяцітысячных. Дык што памянялася з таго часу? Здаецца, і фермы мадэрнізуюцца, і новае абсталяванне закупляецца, і кармы робяцца  якаснымі і збалансаванымі, а жаданых вынікаў няма. “Сіроцінскі” прадаў дзяржаве за мінулы год толькі 26,8% малака гатункам экстра-клас, вышэйшым гатункам – 58,3%, 14% – першым. А ў цэлым па галіне жывёлагадоўлі атрымана 612 мільёнаў рублёў страт, узровень рэнтабельнасці склаў 8,6%.
Менавіта ад таго, што большасць малака не ідзе гатункам экстра-клас, гаспадарка губляе грошы, прааналізавала сітуацыю галоўны эканаміст гаспадаркі М. У. Маркевіч. Таварнасць малака складае 79,7% , а трэба не менш  90%, каб гаспадарка працавала рэнтабельна. Чаму так не атрымалася ў мінулым годзе? Кіраўнік гаспадаркі сярод іншых прычын самакрытычна назваў унутраную безгаспадарчасць і незахаванне тэхналогій. Гэта ж датычыцца і прывагаў цялят, і работы па ўзнаўленні статку, і культуры земляробства ў цэлым.  “Кожны павінен на сваім участку работы працаваць з аддачай, – зазначыў Сяргей Пятровіч. – Пакуль не будзе парадку на кожным рабочым месцы, гаспадарка не даб’ецца добрых вынікаў. Кожны чалавек павінен адчуваць, што і фермы, і трактары, і палеткі – гэта ўсё наша, наш агульны здабытак, наша багацце, якое трэба берагчы як уласнае. Мы самі сабе гаспадары”. І гэтыя словы былі настолькі шчырыя, ад душы, што, напэўна, кранулі многіх.
Цікавым было выступленне галоўнага інжынера гаспадаркі У. С. Мальгіна.  Уладзімір Сяргеевіч прааналізаваў работу механізатараў і разам з тым ўзняў злабадзённую праблему – недахопаў кадраў. Ён адзначыў, што на пенсію кожны год ідзе больш механізатараў, чым прыходзіць у гаспадарку моладзі. Няма каму перадаць свой вопыт – вось дзе сапраўдная праблема…
Напрыканцы сходу  слова трымаў начальнік райсельгасхарчу В. В. Родзіч. Віктар Віктаравіч адзначыў, што ў “Сіроцінскім” працаздольны калектыў, талковы дырэктар, на чале з якім можна ў гэтым годзе дабіцца больш значных поспехаў. Нягледзячы на ўсе недахопы, у гаспадарцы летась была зроблена рэканструкцыя фермы Мосарава, пачата мадэрнізацыя фермы Сіроціна, дзе будзе пабудавана сучасная даільна-малочная зала. А ў гэтым годзе гаспадарцы трэба падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю і закласці фундамент пад сучасны зернеачышчальны комплекс, які будзе пабудаваны ў 2014 годзе.  І вынік работы цалкам залежыць ад ўсіх  працаўнікоў гаспадаркі і ад  кожнага асабіста, падкрэсліў В. В. Родзіч.
На справаздачным сходзе быў зацверджаны бізнес-план на 2013 год, унесены дапаўненні і змяненні ў калектыўны дагавор.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №13 ад 15.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *