Гостей из далёкой Голландии в Шумилинском районе встречали, как родных

Актуалии Общество

Па хвалях агульнай памяці

Мінулыя выхадныя ў Шумілінскім раёне правялі госці з Каралеўства Нідэрландаў. Дэлегацыя міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Дапамажы людзям” наведала разнастайныя сацыяльна-культурныя аб’екты, у першую чаргу тыя, што ў свой час атрымалі іх гуманітарную падтрымку.
Аднойчы, амаль 20 год таму пасябраваўшы з нашым раёнам, яны вяртаюцца сюды зноў і зноў. Іх дапамога заўжды грунтоўная, шчырая. Дабрачынцы заўжды там, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі, састарэлыя, нямоглыя, хворыя, там, дзе дзеці. Убачыць праблему і дапамагчы – іх галоўная місія. У гэты раз большая частка дэлегацыі (а ўсяго прыехала 19 чалавек) упершыню пабывала на Шуміліншчыне. Ім паказвалі, што было зроблена раней. Атрымалася такая адмысловая экскурсія, як выказалася дырэктар Обальскай школы Іна Чарнічэнка, па хвалях агульнай памяці.
І ў Обальскай школе, дзе 10 гадоў таму быў абсталяваны харчаблок, яны пабывалі найперш, атрымаўшы з ганка словы падзякі за такі падарунак для дзяцей і работнікаў. Госці ўважліва агледзелі, у якім стане сёння знаходзіцца абсталяванне, здаецца, засталіся задаволеныя. Візіт ім запомніцца жывой гутаркай з дзецьмі на англійскай мове, тым больш, што сярод гасцей таксама былі падлеткі; майстар-класам па кераміцы, які правёў Яўген Наважылаў з гурткоўцамі; фільмам, які нагадаў падзеі 10-гадовай даўніны.

Дэлегацыя наведала і прытулак, які таксама атрымліваў гуманітарную падтрымку.
Прама на парозе сустракалі гасцей пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання ТЦСАН у Мішневічах. Дырэктар ТЦСАН Валянціна Штуро і за харча-блок, і за пральню, і за іншую вялікую дапамогу выказвала ўдзячнасць гасцям з Нідэрландаў. Нават не ведаючы мовы, пацыенты аддзялення стараліся наладзіць гутарку з гасцямі.

Дэлегацыя пабывала ў цэнтральнай раённай бальніцы. Канстанцін Баканаў, галоўны ўрач, заўважыў, што ні ў адным аналагічным нашаму раёне няма такога ўзроўню харчаблоку. Чаго ніяк нельга сказаць пра пральню, куды таксама адвялі гасцей. Пабывалі яны і ў дзіцячым аддзяленні бальніцы.
У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі таксама сустракалі замежных гасцей як самых дарагіх. І не дзіўна – тут многае для рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў з’явілася менавіта дзякуючы іх гуманітарнай дапамозе.
Дэлегацыя наведала дом сямейнага тыпу, у якім зараз гадуецца сямёра дзяцей, некаторыя шматдзетныя, прыёмныя і апякунскія сем’і. Госці зрабілі візіт у раённую гімназію, завіталі ў музей Обальскага камсамольскага падполля, Дом рамёстваў, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр – карацей, выхадныя на шумілінскай зямлі аказаліся надзвычай насычанымі для іх. Замежных гасцей паўсюль сустракалі з радасцю і ўдзячнасцю, дарылі памятныя сувеніры, запрашалі ў госці яшчэ.
Што тычыцца гуманітарнай падтрымкі тых сацыяльных аб’ектаў у нашым раёне, якія маюць у гэтым неабходнасць, госці як прадстаўнікі вядомай дабрачыннай арганізацыі прапаноўвалі рабіць праекты і накіроўваць іх для разгляду ў арганізацыю.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №34 ад 03.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *