Місія Місія выканана! выканана!
Афіцыйна закрылася дэбютная змена лагера «Юны патрыёт»
12 дзён удалечыні ад дома, строгая дысцыпліна, праверка на трываласць і поўнае змяшчэнне ў вайсковыя будні – усё гэта ўжо ў гісторыі. 27 юнакоў, будучых 11-класнікаў устаноў адукацыі Шумілінскага раёна, праявілі стойкасць, мужнасць і на ўсе 100% справіліся з няпростай і насычанай праграмай вучэбна-палявых збораў.
Кожны дзень у лагеры праходзіў з карысцю для будучых абаронцаў краіны. Страявая падрыхтоўка, вывучэнне агнявой справы і тапаграфіі, урокі мужнасці, выезды ў ваенныя часці чаргаваліся з ваенна-тактычнымі гульнямі, турнірамі па футболе, валейболе і вечарамі каля вогнішча. «Нам спадабалася ў лагеры. Было цікава прывыкаць да новага раскладу дня і атрымліваць новыя практычныя ўменні. Самымі складанымі сталі тактычныя заданні: мы лежачы капалі акопы і бегалі з макетамі зброі праз поле, імітаваўшы атаку. Нялёгка было вывучыць тапаграфічныя карты і знакі», – падзяліліся старшакласнікі.
Павіншаваць рабят з паспяховым праходжаннем вучэбна-палявых збораў і завяршэннем навучальнага года прыехала ў Лескавічы начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая: «27 юных патрыётаў годна вытрымалі ўсе выпрабаванні і сталі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, прадугледжаных планам работы лагера». Аксана Генадзьеўна адзначыла, што вучэбныя заняткі і вольны час у новым фармаце вучэбна-палявых збораў кругласутачнага рэжыму паспяхова ўдалося рэалізаваць, дзякуючы арганізатарам, кіраўнікам сярэдніх школ раёна, кіраўніцтву лагера (раённаму цэнтру дзяцей і моладзі ў асобе дырэктара лагера Святланы Раманавай) і моцнаму прафесійнаму педагагічнаму складу. Падзячныя лісты за адказнае стаўленне да справы, педагагічнае майстэрства і адданасць прафесіі Аксана Талстая ўручыла Аляксандру Петухову і Ігару Аляксееву. Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас бацькоў вучняў. Падзякі ад кіраўніцтва аддзела па адукацыі мамам і татам прывязуць іх узмужнелыя сыны.
Дырэктар лагера Святлана Раманава далучылася да віншаванняў і ўзнагародзіла граматамі актывістаў змены. Хлопцы ў сваю чаргу здзівілі ўсіх, падрыхтаваўшы музычны падарунак – песню «Любіце Радзіму!». Дружны і магутны хор галасоў учарашніх курсантаў паказаў, наколькі згуртаванымі і адзінымі яны сталі за гэты час.
Адразу пасля афіцыйнай цырымоніі закрыцця паміж кіраўніцтвам аддзела па адукацыі райвыканкама і педагогамі па дапрызыўнай падрыхтоўцы адбылася размова «без гальштукаў». Настаўнікі, якія 12 дзён правялі плячом да пляча з будучымі выпускнікамі, падзяліліся сваімі ўражаннямі і выказалі канкрэтныя пажаданні на арганізацыю ваенна-палявых збораў у будучым. Лагеру неабходна дааснашчэнне і абнаўленне рыштунку і спецыялізаванага інвентара, зазначылі яны. Педагогі таксама сышліся ў меркаванні, што да навучальнага працэсу трэба больш актыўна прыцягваць дзеючых ваеннаслужачых і прадстаўнікоў воінскіх часцей. «Жывы прыклад чалавека ў форме – лепшая матывацыя для хлопцаў», – падкрэсліў Аляксандр Петухоў. Аксана Талстая выслухала ўсе прапановы і ўзяла іх за аснову для складання праграмы на наступны сезон.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

