Не патрэбны мне бераг турэцкі
Як мы праводзім водпуск? Па-рознаму. Адны – на канапе перад тэлевізарам, другія – у падарожжах ці на дачы. Трэція выкарыстоўваюць яго, каб паправіць здароўе. Таму і едуць у беларускія санаторыі. Попыт, падкрэсліваюць спецыялісты, на такі фармат здаровага адпачынку расце.
«Прачынацца ва ўтульным пакоі, потым ісці на смачны сняданак, які самой не трэба гатаваць – асалода, – кажа Аляксандра Ліпская, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра, якая сёлета пабывала ў санаторыі «Энергетык» у Гродзенскай вобласці. – Ездзіла на адпачынак разам з сямігадовай дачкой Кацяй. Ёй пуцёўка абышлася бясплатна, а мне каштавала ўсяго 280 рублёў. Замест бясконцых паведамленняў у сацыяльнай сетцы – рэлакс, масаж, экзатычныя ванны, замест прыгатавання вячэры і дамашняй уборкі – спа-працэдуры і прагулкі. Санаторый – тое месца, куды хочацца вяртацца».
«У санаторыі «Жамчужына» атрымала шмат станоўчых эмоцый. Падлячылася, зняла псіхаэмацыянальнае напружанне, завяла новых сяброў, – расказала Роза Сцепанец, якая знаходзіцца на пенсіі. – Збалансаванае харчаванне, заняцце лячэбнай фізкультурай дало станоўчы эфект. Адпачынак у санаторыі быў для мяне магчымасцю пражыць маленькае шчаслівае жыццё – быццам у казцы пабывала».
Санаторыі – гэта не толькі адпачынак, але і лячэнне. Яны аснашчаны лячэбна-дыягнастычнымі цэнтрамі з сучасным медыцынскім абсталяваннем, спартыўнымі заламі, басейнамі. Асаблівым попытам карыстаюцца ў адпачываючых праграмы па ўмацаванні імунітэту і пазбаўленні ад стрэсу. У мінулым годзе прадстаўніцтвам Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Шумілінскага раёна было выдадзена 130 пуцёвак, расказала вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Інга Аўрова, у тым ліку 32 пуцёўкі атрымалі працуючыя жыхары, 40 – ветэраны працы і інваліды. Яны адпачывалі ў санаторыях «Ясельда, «Белая Вежа», «Бярэзіна», «Вяжуці», «Нарач», «Сасновы бор», «Энергетык», «Буг», «Парэчча» і інш. 48 пуцёвак было выдадзена дзецям, 5 – дзецям-інвалідам і пецярым бацькам ці законнаму прадстаўніку. Хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў санаторыях «Расінка», «Свіслач», «Случ», «Сонейка», «Нёман», «Энергетык», «Акадэмія здароўя», «Чайка», «Світанак», «Колас», «Срэбныя ключы», «Шыннік», «Прыморскі» і інш.
У гэтым годзе пуцёўкамі ад прадстаўніцтва пакарысталіся 45 жыхароў раёна, ёсць шмат жадаючых – яны чакаюць сваёй чаргі на аздараўленне і будуць накіраваны згодна з планам на 2026 год.
Хто мае права атрымаць пуцёўку?
На аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту або бюджэтнага фонду маюць права толькі тыя грамадзяне, якія маюць медыцынскія паказанні і адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў на санаторна-курортнае лячэнне. Бацькам (асоб, іх замяняючых), якія едуць разам з дзецьмі, трэба мець заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, а ўсім астатнім – медыцынскую даведку аб стане здароўя.
Куды трэба звяртацца за пуцёўкай?
Працуючым грамадзянам, ваеннаслужачым і студэнтам для атрымання пуцёўкі ў санаторый трэба звяртацца ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па месцы работы, службы або вучобы. Непрацуючым пенсіянерам і інвалідам, бацькам дзяцей-інвалідаў – у прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва па месцы жыхарства. Трэба напісаць заяву на аздараўленне, мець дакументы, якія пацвярджаюць права на санаторна-курортнае лячэнне.
Хто можа разлічваць на бясплатны адпачынак ці з частковай аплатай?
Бясплатныя пуцёўкі прадастаўляюцца дзецям, дзецям-інвалідам, інвалідам І і ІІ груп, былым вязням, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, непрацуючым ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, непрацуючым ваеннаслужачым, якія прызнаны ўрачэбнай камісіяй нягоднымі да ваеннай службы, і іншым катэгорыям згодна з заканадаўствам.
Калі маці (бацька) едзе ў санаторый з дзіцяці і мае пры гэтым медыцынскія паказанні на лячэнне (заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі), то дзяржава бярэ на сябе 85% расходаў. Адпаведна, бацькі ўносяць толькі 15% ад кошту пуцёўкі дарослага. Пад гэту катэгорыю трапілі і студэнты.
Кошт пуцёўкі для працуючых разлічваецца індывідуальна і залежыць ад узроўню даходу. Пры гэтым санаторная пуцёўка з датай заезду з 1 лістапада да 30 красавіка будзе каштаваць танней. Сезоннасць мае значэнне.
Разлічваць на частковую кампенсацыю пуцёўкі могуць тыя, за каго наймальнік плаціць узносы у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. У гэту катэгорыю таксама ўваходзяць індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя грамадзяне, якія самастойна плацяць узносы.
Хачу пуцёўку кожны год!
Аздараўлівацца кожны год маюць права толькі дзеці, інваліды I і II груп у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Для ўсіх астатніх устаноўлены канкрэтныя інтэрвалы чакання.
Атрымаць пуцёўку з даплатай ад дзяржавы дарослы можна не часцей аднаго раза ў чатыры гады. Выключэнне складаюць непрацуючыя ветэраны працы і інваліды III групы, пенсіянеры-ваеннаслужачыя, ветэраны органаў пракуратуры, юстыцыі і судоў – пуцёўка выдаецца не часцей аднаго раза ў тры гады; непрацуючыя інваліды I і II груп, вязні, ваеннаслужачыя запасу, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў – не часцей аднаго раза ў два гады.
Дарэчы, калі вы збіраецеся паправіць здароўе, то загадзя трэба планаваць водпуск, бо працягласць лячэння абмежаваная: для дарослых (працуючых і пенсіянераў) – не больш за 15 сутак, для дзяцей і бацькоў з дзецьмі – не больш 18 сутак.
Ці можна падарыць пуцёўку?
Як ні дзіўна, але і такія пытанні ўзнікаюць. Напрыклад, жанчына, якой надышоў час на аздараўленне, хоча перадаць пуцёўку свайму мужу. Гэта забаронена, бо пуцёўка строга імянная. Выдаецца яна на ўказаны тэрмін і не можа быць падзелена па тэрміны і колькасці месцаў. Гэта персанальнае накіраванне на лячэнне.
Прафсаюзныя санаторыі
У санаторый можна ехаць не толькі па пуцёўцы прадстаўніцтва па аздараўленні, але і самастойна. У Беларусі 12 прафсаюзных санаторыяў, у якія можна тэлефанаваць і заказваць пуцёўку. Для членаў прафсаюза прадугледжана скідка 25%. Можна разлічваць на кампенсацыю невялікай часткі кошту з прафсаюзнай арганізацыі па месцы работы – усё залежыць ад умоў калектыўнага дагавору. Самастойна можна патэлефанаваць і ў любы іншы санаторый, каб забраніраваць пуцёўку. Але ў гэтым выпадку на прафсаюзную зніжку не прыйдзецца разлічваць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


