Тры ўзнагароды «Экспрэсіі»
16 ліпеня Віцебск ператварыўся ў сталіцу рытму: на плошчы Перамогі прайшоў VII фестываль-конкурс барабаншчыц і мажарэтак, які сабраў амаль 600 удзельнікаў з больш як 30 калектываў Беларусі і Расіі.
У гэтай маштабнай міжнароднай канкурэнцыі юныя артысткі ўзорнага ансамбля барабаншчыц і мажарэтак «Экспрэсія» Шумілінскай ДШМ (кіраўнік Кацярына Кузьміна) заваявалі цэлую калекцыю ўзнагарод!
Нашы дзяўчаты даказалі свой высокі клас і прывезлі дадому адразу тры прызавыя месцы: золата конкурсу – за харэаграфічную кампазіцыю «Капрызкі» (намінацыя «Паказ на подыуме Класічныя мажарэткі «BATON», юніёркі), срэбра конкурсу – за яркі нумар «Вясновы марш», срэбра конкурсу – за натхняльную кампазіцыю «Натхненне». Шумілінскія мажарэткі пацвердзілі: талент, працавітасць і шумілінскі рытм не ведаюць межаў!
Рукі майстроў – залатыя
Дыпломы І ступені на абласным конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Кругазварот” атрымалі Ларыса Аўдошка і Наталля Сцержанкова – удзельніцы народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Спадчына» Шумілінскага дома рамёстваў.
Ларыса ўзяла перамогу ў намінацыі «Лепшая сюжэтная кампазіцыя або інсталяцыя», а Наталля – у намінацыі «Лепшы твор народных мастацкіх рамёстваў».
У абласным конкурсе на набойцы «Віцебскія ўзоры» ў намінацыі «Лепшая дамашняя калекцыя» дыплом I ступені атрымала майстар Вольга Загвоздава.
Гарачы дуэт танцораў
Дуэт Дар’і Сцяпанавай і Андрэя Трафімава, удзельнікаў народнага фальклорнага калектыва «Гульбічы» Шумілінскага РЦК, 19 ліпеня зноў зрабіў сваю справу – шумілінскія танцоры выйшлі на сцэну абласнога XIII турніру нацыянальных танцаў «Танчым разам!» і проста «запалілі».
Харызма і энергія, дакладнасць рухаў і ўпэўненасць – усё гэта прынесла ім месца ў прызавой тройцы сваёй узроставай катэгорыі. Нашы танцоры здзівілі, парадавалі і даказалі, што Шуміліншчына ўмее танцаваць прыгожа, з душой і характарам.
Прыпевачніца з агеньчыкам
На адкрытым абласным конкурсе народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць!» Ларыса Дземідовіч праспявала так, што журы не выстаяла і прысудзіла артыстцы дыплом лаўрэата II ступені ў намінацыі «Салісты-прыпевачнікі». Кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Гульбічы» Шумілінскага РЦК выступіла на вышыні: ярка, з запалам і агеньчыкам.
Алена КАРПУШЭНКА і Дар’я ЧАПУРНОВА.




