В день рождения района в шумилинском музее прошла встреча «Шумилинщина — имя побед»

Культура Новости Общество

«Шуміліншчына –  імя  перамог»

17 ліпеня Шумілінскі раён адсвяткаваў сваё 102-годдзе. З гэтай нагоды ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла цёплая і кранальная тэматычная сустрэча пад сімвалічнай назвай «Шуміліншчына – гэта імя перамог».

Мадэратарам сустрэчы выступала дырэктар музея Святлана Іванова. «Гісторыю робяць людзі!», – падкрэсліла Святлана Віктараўна і разам з навуковым супрацоўнікам музея Віктарам Саковічам нагадала гасцям вядомыя імёны і прозвішчы, якія праслаўлялі Шуміліна ў розныя гады. Так усе прысутныя ўзгадалі першага кіраўніка Сіроцінскага (цяпер Шумілінскага) раёна Антона Сіпко, першую жанчыну кіраўніка раёна Ніну Сянчура, пры якой убачыла свет кніга «Памяць. Шумілінскі раён», вядомага беларускага партызанскага камбрыга, легендарнага камандзіра Сіроцінскай брыгады Сямёна Кароткіна.

Са шчырымі словамі прывітання да прысутных звярнулася загадчык сектара культуры райвыканкама Вольга Барабанава, пажадаўшы рэгіёну росквіту, а яго жыхарам – новых здзяйсненняў. Да віншаванняў далучыўся і іерэй Вадзім Яско, які ў сваім выступленні падкрэсліў важнасць духоўных каштоўнасцей і адзначыў, што нам пашчасціла жыць у хрысціянскай дзяржаве, дзе шануюцца мір, вера і традыцыі продкаў.

Далей увага пераключылася на сучасных герояў: ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі тыя, хто сваёй штодзённай працай, талентам і здзяйсненнямі прыносіць Шуміліншчыне перамогі і робіць яе вядомай за межамі рэгіёна, вобласці і краіны. Першым пра сябе і сваю любімую справу расказаў Уладзіслаў Траццякоў – трэнер хакейнай каманды «Будаўнік», які выхоўвае будучых чэмпіёнаў і гартуе спартыўны гонар раёна. Затым эстафету падхапіла галоўны рэдактар раённай газеты “Герой працы” Алена Карпушэнка, якая кожны дзень трымае руку на пульсе жыцця Шумілінскага раёна.

Цудоўным упрыгожваннем мерапрыемства стала таленавітая сям’я Скорынавых. Яны не толькі падарылі ўсім прысутным незабыўную асалоду ад віртуознай ігры на музычных інструментах, але і шчыра падзяліліся гісторыямі сваіх творчых поспехаў і перамог у Беларусі і за мяжой.

На музейнай сустрэчы была ўзгадана толькі маленькая частка тых імёнаў і перамог, якімі ганарыцца наш край. З кожным годам маштаб дасягненняў Шуміліншчыны расце, а нагод для гонару амаль у кожнай сферы становіцца ўсё больш і больш. І гэта галоўнае сведчанне таго, што наш раён жыве і развіваецца, упэўнена крочыць наперад і штодзень піша сваю новую, яркую і цікавую гісторыю.

Напрыканцы мерапрыемства Святлана Іванова падзякавала запрошаным гасцям і падарыла ім кветкі і невялікія падарункі, а ўсім жадаючым прапанавала ў рамках праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё» напісаць ліст на паштоўцы з выявай чыгуначнага вакзала і надпісам: “Шуміліна – горад з вялікім сэрцам!” і адправіць у любую кропку Беларусі і Расіі.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *