Новы камбайн – новы размах
Кожную раніцу на палеткі выходзяць дзясяткі камбайнаў, але сёлета ў раёне ёсць адзін, які адразу прыцягвае позіркі – магутны ротарны камбайн, які з’явіўся ўпершыню ў гісторыі КУСГП «Ульскі». І за яго штурвалам – Васіль АГЛУШЭВІЧ.
Для вопытнага механізатара, які ў сельскай гаспадарцы рупіцца 25-гадоў, гэтае жніво асаблівае: упершыню за 16 гадоў (столькі задзейнічаны на ўборачнай) ён працуе на тэхніцы такога класа, дзе кожны рух, кожны параметр падказвае лічбавы манітор, а камфорт у кабіне нагадвае сучасны аўтамабіль.
Ротарная сістэма абмалоту літаральна «глынае» масу, выдае чыстае зерне і дазваляе рухацца хутчэй, дакладней, упэўненей. Васіль прызнаецца: асвойваць такую тэхніку – задавальненне. І ўжо з першых дзён бачна, што новы камбайн – гэта новы ўзровень яго работы, новыя магчымасці і новая хуткасць уборкі.
«Тэхніка добрая, сучасная, прыемна працаваць, – ацаніў новы камбайн сціплы і немнагаслоўны Васіль Аглушэвіч ужо на другі дзень работы. – Ёсць клімат-кантроль, лічбавы манітор, які падказвае абароты барабана і вентылятара, убраныя плошчы, аптымальную хуткасць руху і ўзровень вільготнасці збожжа. Прадукцыйнасць камбайна большая ў параўнанні з ранейшымі маркамі, новай тэхнікай вельмі задаволены».
Механізатар працуе не толькі на палетках свайго сельгаспрадпрыемства, але разам з калегамі дапамагае ТАА «Віцебскае насенне траў» на ўборцы фестулоліуму, якога на тэрыторыі раёна засеяна 168 гектараў. У прыватнасці, у першы дзень уборкі змалаціў травы на 15 гектарах. А ў нядзелю, 26 ліпеня, прыступіў да ўборкі азімай пшаніцы.
Васіль Аглушэвіч працуе на палетках да цёмнага і ніколі не скардзіцца на цяжкасці. Разумее, што жніво – гарачая пара ва ўсіх сэнсах. А яшчэ час для добрых заробкаў. Стараецца Васіль на карысць раёна, краіны і сваёй вялікай сям’і – жонкі і чацвярых дзяцей.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

