Рэзананс. Пытанне мовы хвалюе многіх

Общество

Пытанне мовы хвалюе многіх
Тое, што артыкул пад назвай “Перайменаваць каву ў какаву, або Пра тое, ці патрэбна нам родная мова”, надрукаваны ў адным з лютаўскіх  нумароў раёнкі, меў шырокі грамадскі рэзананс, не можа не радаваць. Па-першае, людзі раёнку чытаюць і  гатовы весці з журналістамі канструктыўны дыялог. Па-другое, што асабліва  важна, пытанні роднай мовы хвалююць нас больш, чым гэта можа падацца на першы погляд.  На сайце раённай газеты гэты матэрыял стаў самым папулярным за апошні квартал. Чытачы ахвотна каменціравалі напісанае.
Мама: “Полностью согласна. Заучиваем с сыном белорусские слова на память. По-другому не получается. А если задали верш учить, то это просто какой-то ужас. Весь вечер уходит, а результат всё равно – не очень”.
Ника: “А я б і радая па-беларуску пагаварыць – няма з кім, ніхто не практыкуе. Самой пачаць – занясуць у спісы бэнээфаўцаў, у нас тое, што мову ведаеш, – прыкмета не з лепшых, падазрона неяк”.
Natalia: “Сапраўды, Ника, калі ў магазіне ці транспарце на трасянцы гаворыш – свой чалавек. А калі раптам на беларускай, то невядома, чым скончыцца.”
Пятрoўна: “Маладым бацькам вельмі раю спампаваць для сваіх дзетак аўдыёкнігі з электроннай бібліятэкі «Беларуская палічка». Няхай слухаюць штодня хаця б па 15-20 хвілін. Там жа, у раздзеле «Дзіцячая літаратура», ёсць вершы Агніі Барто — для дашкалят на беларускай мове”.
Дзіўлюся з вас: “Калі я не памыляюся, у шумілінскіх дзіцячых садках няма ніводнай беларускамоўнай групы. Няўжо ў раённым цэнтры не знайшлося 10-15 сем’яў, якія з задавальненнем уладкавалі б туды дзяцей? Што гэта тады за цэнтр такі?”
Запрасіла да гутаркі аўтара матэрыялу і паважаная жыхарка Шуміліна Дыяна Маркаўна Нікіфарава. “Тэма гэта вельмі важная, і добра, што вы за яе ўзяліся, – адзначыла жанчына, – мы жывем у Беларусі і павінны ведаць родную мову. Але ўсё ж варта пакінуць за кожным права выказвацца так, як ён жадае. Нельга скідваць з рахункаў і дыялекты”. У цэлым ветэран станоўча ацаніла зробленае, пахваліла раёнку наогул. Сказала, што чытае “Герой працы” і задаволена работай творчага калектыву.
У той жа час, некаторыя лічаць, што вучыць родную  мову – марнатраўства. “Падрастаючаму пакаленню гэта проста ніколі ў жыцці не спатрэбіцца. Лепш налягаць на англійскую: глядзіш,  удасца з’ехаць за мяжу”, – даходзілі да рэдакцыі і такія каментарыі.  А што, калі за той  самай мяжой, даведаўшыся, што вы з Беларусі, вас папросяць сказаць што-небудзь на беларускай мове?..
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *