В районной организации Белорусского общества инвалидов: подарили ветеранам минуты радости

Общество

Падарылі хвіліны радасці
На мінулым тыдні, напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, старшыня раённай арганізацыі “Беларускае таварыства інвалідаў” Л. М. Нагібава разам з работнікамі аўтаклуба аддзела культуры віншавалі са святам  удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, былых афганцаў, інвалідаў Савецкай Арміі, ветэранаў працы. Усяго наведалі 15 сем’яў у  Шуміліне і розных вёсках раёна.
Разам з намі ў вёску Бараноўскія да Надзежды Іосіфаўны Масько едзе і старшыня пярвічнай арганізацыі таварыства інвалідаў Дабейскага сельсавета Рыгор Афанасьевіч Гусараў. Па дарозе ён расказвае, што Надзежда Іосіфаўна  з’яўляецца ўдзельнікам вайны. У час Вялікай Айчыннай вайны  яна служыла ў тылавых часцях.
“Родам я з вёскі Стрэлкі, – кажа Н. І. Масько. – У 1942 годзе нас, восем вясковых дзяўчат, забралі ў тылавыя часці. Часць, куды я трапіла, называлася МЭП-71. Мы пяклі для франтавікоў хлеб, мылі адзенне, займаліся іншымі гаспадарчымі работамі”. У гэты час муж Н. І. Масько, Іван Фёдаравіч, змагаўся на фронце.
Да таго ж, Надзея Іосіфаўна – ветэран працы. Яна была ў калгасе “Іскра” звеннявой на вырошчванні лёну, працавала і ў жывёлагадоўлі – адзінаццаць гадоў даіла (прычым, уручную) кароў на ферме Бараноўскія. За добрую работу ў 1978 годзе ўзнагароджвалася Ганаровай граматай аблвыканкама за высокія паказчыкі ў сацыя-лістычным спаборніцтве.
Размяняўшы дзявяты дзясятак, Н. І. Масько і сёння лічыць Дзень абаронцаў Айчыны святочным днём. А вось воін-інтэрнацыяналіст з Шуміліна Алег Міхайлавіч Безгін, да якога таксама завіталі з віншаваннямі, дадае, што 23 лютага – гэта яшчэ дзень памяці і смутку. Алег Міхайлавіч таксама ваяваў. Толькі ў Афганістане. Мае ганаровую ўзнагароду – ордэн “Чырвонай Зоркі”.
У гэты дзень завіталі да Анатоля Іванавіча Яроцкага з Шуміліна. Ён ветэран працы, усё жыццё адпрацаваў  у ПМК-70 лесарубам. “Дзякуй за ўвагу, за памяць, за добрыя словы і вясёлыя песні”, – кажа  з удзячнасцю Анатоль Іванавіч.
Сапраўды, удзельнік аўтаклуба Алег Ткачоў спяваў для ўсіх наведаных ветэранаў задушэўныя песні, дарыў добры настрой і хвіліны радасці. Ветэранам былі ўручаны невялікія падарункі, якія  прэзентавала раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *