Вопросы развития животноводства, профилактики пожаров и сохранности имущества рассматривались на заседании Шумилинского райисполкома

Актуалии Президент

“Дзе малако? Дзе мяса?”
Дзякуй богу, засталіся ў мінулым тыя часы, калі пасля наведвання фермы ў журналіста балела сэрца, калі па начах сніліся галодныя цяляты, якія  стаялі па калена ў гноі. Сёння нашы шумілінскія фермы ўсё больш паходзяць на тыя, якія мы бачылі ў часопісах, – светлыя, чыстыя, з сучаснымі даільнымі заламі. Хаця рапартаваць аб поўнай перамозе тэхнічнага прагрэсу і высокай вытворчасці працы  на жывёлагадоўчых аб’ектах Шуміліншчыны, на жаль, не прыходзіцца.
Гэта канстатавалі і ўдзельнікі пасяджэння райвыканкама, якое прайшло 22 лютага пад старшынствам кіраўніка раёна У. П. Кураннога. І пытанне “Аб ходзе выканання праграмы па будаўніцтву і рэканструкцыі малочнатаварных ферм, аднаўленні статку і камплектаванні новых малочнатаварных ферм”, відаць, наспела, каб яго разлядалі на такім высокім узроўні. Дарэчы, у яго абмеркаванні прынялі ўдзел першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама У. А. Машэра і памочнік  члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі члена пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах  М. М. Канявалава В. В. Піскуноў.
Інфармацыю па пытанні прадставіў галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. А. Емяльянаў. Дакладчык паведаміў, што на 2012 год у Шумілінскім раёне было запланавана рэканструяваць і тэхнічна перааснасціць 8 малочнатаварных ферм: Баёўка і Светласельская (УП “Шумі-лінскі райаграсэрвіс”), Мосарава (КУСГП “Сіроцінскі”), Брыцікі (КУСГП “Ульскі”), Ляжні (ААТ “Ляжні”), Свярдлы (ААТ “Прыдзвінскі”), Заўсыска (КУСГП “Мішневічы”), Язвіна (ААТ “АграБаравінка”).
На рэканструкцыю былі выдзелены дзяржаўныя сродкі, у асноўным з абласнога бюджэту. Толькі на ўзвядзенне арачных збудаванняў на фермах Баёўка, Брыцікі, Ляжні, Заўсыска і Язвіна абласны бюджэт накіраваў 5 мільярдаў рублёў (ААТ “Лаўжанскае” будуе два арачнікі на ферме Рашэтнікі за ўласны кошт). Але грошы асвойваюцца марудна, не задавальняе і якасць работ.
А галоўнае, няма аддачы, няма той прадукцыі,  дзеля якой праводзіцца рэканструкцыя, укладваюцца мільярды бюджэтных грошай, падкрэсліў У. П. Куранны.
Уладзімір Пятровіч параўнаў дзве лічбы: продаж малака на пачатак 2012 года складаў 129%, на пачатак 2013 года – 94%. “Дзе малако? Дзе мяса?!, – задаў ён пытанне кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, – чаму не захоўваецца тэхналогія вытворчасці, чаму на шэрагу ферм кармы раздаюць уручную, без кормазмяшальнікаў…” Такіх “дзе” і “чаму” назбіралася шмат. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў вымушаны былі прызнаць уласную неразваротлівасць, няўменне арганізаваць работу, бо спаслацца, як звычайна, на недахоп фінансаў пры такой магутнай падрымцы дзяржавы ніяк не выходзіць.
Старшыня райвыканкама назваў тэрмін, да якога павінны быць узведзены арачнікі, – 1 сакавіка бягучага года. Гэты тэрмін акрэслены і ў прынятым на пасяджэнні райвыканкама рашэнні. У рашэнні адзначана таксама неабходнасць павышэння тэмпаў і якасці работ.
Між тым, як паведаміў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама У. А. Машэра, на 2013 год па вобласці будзе рэканструявана яшчэ 201 малочнатаварная ферма з малочнымі заламі.  Пад гэтую праграму, якая ў канечным выніку нацэлена на адыход ад ручной працы і высокую вытворчасць працы,  выдзяляюцца грошы з абласнога бюджэту. І шумілінцам, каб не “выскачыць” з гэтай праграмы і не згубіць фінансавую падтрымку, трэба фарсіраваць работы і па падрыхтоўцы праектнай дакументацыі, і на саміх аб’ектах.
Каб агонь не выйшаў з-пад кантролю
На пасяджэнні райвыканкама была абмеркавана работа па папярэджанні пажараў, гібелі людзей на іх, забеспячэнні пажарнай бяспекі аб’ектаў, тэрыторый населеных пунктаў.
Даклад начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукава, падмацаваны красамоўнымі слайдамі, сведчыў аб тым, што многія па-ранейшаму грэбуюць правіламі супрацьпажарнай бяспекі і спадзяюцца на авось. Іван Аляксеевіч паведаміў, што за мінулы год у раёне адбылося 38 пажараў, на якіх загінула 7 чалавек. І хоць у гэтым годзе намецілася зніжэнне вогненных выпадкаў, падстаў для заспакаення няма.
Райвыканкам прыняў разгорнутае рашэнне па прафілактыцы пажараў, дзе акрэслены задачы не толькі для раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, але і для сельвыканкамаў, аддзела адукацыі райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, райспажыўтаварыства, УП ЖКГ, міліцыі, кіраўнікоў суб’ектаў усіх форм гаспадарання. Задачы не толькі непасрэдна  па ўмацаванні пажарнай бяспекі, але і па працоўнай дысцыпліне, па барацьбе з п’янствам, якое часцей за ўсе правакуе пажары.
Урэшце, кожнаму з нас у гэтым накірунку ёсць над чым працаваць.
Год беражлівасці і захаванне
ўласнасці
Па пытанні выканання заканадаўства і захаванасці ўласнасці, выканання Дырэктывы  Прэзідэнта № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” і Указа № 537 аб аб’яўленні 2013 года Годам беражлівасці выступіў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В. В. Мядзвецкі.
Вынясенню гэтага пытання на пасяджэнне папярэднічала работа рабочых груп райвыканкама, якія правялі рэйды па ўсяму раёну і выявілі мноства фактаў безгаспадарчасці, незахаванасці дзяржаўнай маёмасці, беспарадку і нават фактаў распіцця спіртнога на рабочых месцах. Усе гэта было зафатаграфавана і прад’яўлена ўдзельнікам пасяджэння.
Начальнік РАУС, каменціруючы слайды, быў бескампрамісным: за безгаспадарчасць трэба караць. Чаму міліцыя павінна займацца пошукам украдзенага, калі, напрыклад, на некаторых сельскагаспадарчых аб’ектах створаны ўсе ўмовы: вартаўнік адсутнічае, дзверы расчынены?
На экране мільгалі кадры: кінутыя паўразбураныя сельскія шматпавярхоўкі, адкрыты люк, кінутая сярод вуліцы труба, прасеўшы дах магазіна, бруд, хлам, акуркі ў інтэрнаце, недапітая бутэлька ў кацельні… Сабраныя ў адзін відэяфільм, гэтыя факты сведчылі, крычалі аб тым, што пра Год беражлівасці, пра ашчаднае стаўленне да дзяржаўнай (ды і да сваёй) маёмасці ў Шумілінскім раёне многія, напэўна, і не чулі.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны даў распараджэнне паўторна правесці аб’езд паказаных аб’ектаў, прыцягнуць вінаватых да адказнасці па кожнаму факту безгаспадарчасці.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *