1 декабря председатель Витебского облисполкома провёл пресс-конференцию

Актуалии Президент

Аляксандр КОСІНЕЦ: “Развіты чалавечы патэнцыял — гэта здароўе, адукацыя, навыкі, уменні”
1 снежня старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Косінец даў прэс-канферэнцыю для галоўных рэдактараў абласных, аб’яднаных, гарадскіх, раённых і многатыражных газет, прадстаўнікоў тэлерадыёкампаніі “Віцебск”, уласных карэспандэнтаў рэспубліканскіх друкаваных і электронных СМІ, кіраўнікоў мясцовых тэле- і радыёпраграм.
Удзел у прэс-канферэнцыі прынялі намеснікі старшыняў гаррайвыканкамаў, кіраўнікоў адміністрацый раёнаў г. Віцебска, якія курыруюць пытанні ідэалагічнай работы, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы гаррайвыканкамаў.
У канцы лістапада 2008 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сваім указам прызначыў на пасаду старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Мікалаевіча Косінца. Мінула два гады. Здавалася б, невялікі тэрмін. Тым не менш, Віцебская вобласць за гэты час адчула подых самых смелых перамен. За гэты кароткі час на Віцебшчыне рэалізавана шмат па-сапраўднаму грандыёзных праектаў, да якіх многія напачатку ставіліся скептычна.
Кіраўніку вобласці, які выступае не толькі нястомным генератарам ідэй, але і прафесійным тактыкам, стратэгам, ёсць што сёння сказаць прадстаўнікам СМІ на прэс-канферэнцыі.
Журналістаў жа цікавіла ўсё — задалі каля трыццаці пытанняў па ўсіх сферах жыцця вобласці. Гутарка доўжылася амаль чатыры гадзіны.
У цэлым усе пытанні можна аб’яднаць у некалькі асноўных груп.
Што ўдалося рэалізаваць за два гады дзейнасці ў Віцебскай вобласці?
Асноўнае, чаго ўдалося дасягнуць, адзначыў А. М. Косінец, гэта стабільнасць, высокая дынаміка развіцця, канчатковы вынік. Сёння Віцебская вобласць выйшла ў лідары. У 1,4 раза ўзрасла вытворчасць прамысловай прадукцыі, у 1,2 — сельскагаспадарчай, у 1,8 раза павялічыўся тавараабарот. Скараціліся запасы гатовай прадукцыі на складах. У два разы — да 1% скарацілася беспрацоўе. У 2,3 раза павялічылася зарплата. Павялічыўся экспарт прадукцыі, расце колькасць краін, куды ідзе прадукцыя віцебскіх вытворцаў (з 67 краін у 2009 годзе да 112 у гэтым). Толькі за 10 месяцаў бягучага года вытварана работ і паслуг на 29,5 трыльёна рублёў (у 2009 годзе — на 23 трыльёны).
Падзяліцеся планамі на будучую пяцігодку
Свае планы Віцебская вобласць звярае з Праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011 – 2015 гады, падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч. Прычым, Віцебшчына ставіць перад сабой яшчэ больш напружаныя задачы: павялічыць унутраны валавы прадукт у 2 разы (рэспубліка — у 1,7 раза). Плануем пабудаваць за пяцігодку 3 мільёны 850 тысяч метраў квадратных жылля. Рэнтабельнасць вытворчасці аграпрамысловага комплексу ўзрасце на 10%, прамысловай галіны — на 15%.
Для далейшага развіцця вобласці распрацавана 25 галіновых праграм, такіх як “Вітагра”, “Віцебсклес”, “Віцебсклён”, “Вітгаз”, “Дары прыроды”, “Чысты горад”, праграма “500” і іншыя.
Ствараецца спрыяльны інвестыцыйны клімат. Распрацавана 185 праектаў коштам 1 мільярд долараў, яны прадстаўлены на сайце аблвыканкама. У свабоднай эканамічнай зоне будуць працаваць 20 прадпрыемстваў.
Стаўка паўсюдна на інавацыі, на выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі., павелчэнне экспартных паставак, развіццё прадпрымальніцтва.
Безумоўна, знойдуць свой працяг далейшая мадэрнізацыя аграпрамысловага комплексу, работа па павышэнні контурнасці палеткаў, урадлівасці пашаў. Сур’ёзныя перамены чакаюць льнаводчую галіну. Будзе створаны холдзінг, рэканструявана і мадэрнізавана 10 льнозаводаў.
Наспеў час для больш эфектыўнага выкарыстання тых дароў, якія нам дала прырода. Каля 14 тысяч кіламетраў складае даўжыня рэк Віцебшчыны. Гэта мы скарыстаем для будаўніцтва ў наступнай пяцігодцы чатырох гідраэлектрастанцый — Полацкай, Бешанковіцкай, Віцебскай, Верхнядзвінскай. Іх увядзенне акрамя эканоміі вуглевадароднага паліва дазволіць развіваць суднаходства, турызм, прыдарожны сэрвіс, рыбаводства.
Радуемся грандыёзным пераменам у абласным цэнтры. Але ці не застануцца пакрыўджанымі раённыя цэнтры, іншыя малыя гарады?
У вобласці рэалізоўваецца праграма “Малыя гарады” (у якую ўключаны 40 населеных пунктаў), паведаміў старшыня аблвыканкама. Многае зроблена, у прыватнасці, створана 18600 новых рабочых месцаў.
Але яшчэ больш сур’ёзная работа запланавана на 2011—2015 гады. Мы бярэм накірунак на будаўніцтва невялікіх, але эфектыўных механізаваных прадпрыемстваў. З тысячы запланаваных новых прадпрыемстваў 640 знойдуць сваю прапіску ў малых і сярэдніх гарадах.
Распрацаваны шэраг сацыяльных праектаў, будзе ісці рэканструкцыя лячэбных устаноў, фізкультурна-аздараўленчых комплексаў з басейнамі, будаўніцтва лядовых Палацаў. Новы імпульс развіцця атрымаюць транспартная, гандлёвая і будаўнічая галіны. У прыватнасці, плануецца штогод ўзводзіць у кожным з такіх гарадоў па 11-13 тысяч метраў квадратных жылля.
Прычым, будуць развівацца ўсе малыя і сярэднія гарады, незалежна ад таго, будуць там праходзіць абласныя “Дажынкі”, іншае нейкае мерапрыемства ці не. Ужо ў 2011 годзе на кожны раённы цэнтр выдаткавана больш за два мільярды рублёў на абустройства дарог і дваровых тэрыторый.
Зацверджана спецыяльная праграма да 1150-годдзя Полацка, наш старажытны горад. Калыска беларускай дзяржаўнасці заслугоўвае большай увагі да сябе, у гэтай сувязі запланаваны цэлы комплекс мерапрыемстваў.
Сацыяльныя аспекты: адсталая матэрыяльна-тэхнічная база медыцынскіх устаноў; праблемы алкагалізацыі насельніцтва, людзей без пастаяннага месца жыхарства. Якія шляхі вырашэння гэтых праблем?
А. М. Косінец паведаміў, што распрацавана Праграма развіцця аховы здароўя на 2011–2012 гады, згодна з якой будзе мадэрнізавана абласная інфекцыйная бальніца, абласная клінічная бальніца, абласная дзіцячая бальніца, тэрапеўтычны комплекс бальніцы хуткай дапамогі, псіханеўралагічны дыспансер, тубдыспансер, кардыялагічная служба. Будзе аднаўляцца лячэбная база паліклінічнага звяна.
Што датычыць алкагалізацыі насельніцтва, А. М. Косінец заявіў, што тут найперш трэба весці выхаваўчы працэс, падключаць грамадскасць, забароннымі метадамі нічога не вырашыш. Тут вялікае поле дзейнасці і для СМІ. Безумоўна, будзе весціся жорсткая барацьба супраць незаконнага гандлю кантрафактнай прадукцыяй, антысацыяльныя паводзіны людзей, якія не хочуць лячыцца і жыць у згодзе з законам, будуць карацца.
Але дзяржава працягвае руку дапамогі і ў такіх выпадках, адпраўляе на лячэнне, дапамагае знайсці работу.
Віцебская вобласць першая ў рэспубліцы адкрыла ўстанову для часовага прабывання людзей без пастаяннага месца жыхарства. Трэба праяўляць міласэрнасць, даць людзям шанс вярнуцца да нармальнага жыцця, перакананы старшыня аблвыканкама.
Людскі патэнцыял. Як захаваць і памножыць?
Кадры трэба берагчы, паважаць, але і ацэньваць па выніках работы, зазначыў Аляксандр Мікалаевіч. Кадравая палітыка вобласці накіравана на эфектыўную вытворчасць, годную зарплату, замацаванне спецыялістаў на месцах, развітую сацыяльную сферу.
Вялікая ўвага ў вобласці надаецца падрыхтоўцы кадраў, узроўню адукацыі, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Так, у бліжэйшы час Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт атрымае ў падарунак базу ваеннага гарадка Баравуха — тут будзе створаны студэнцкі гарадок.
Развіты чалавечы патэнцыял — гэта здароўе, адукацыя, навыкі, уменні.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №94 ад 3.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *