В Шумилинской СШ №2 прошла встреча с председателем райисполкома

Актуалии Общество Президент

Галоўнае – мець мэту ў жыцці
У мінулы чацвер на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна прайшоў Дзень інфармавання,  з працоўнымі калектывамі сустрэліся інфармацыйныя групы райвыканкама. Група №1 на чале са старшынёй райвыканкама У. П. Куранным правяла сустрэчу з выпускнікамі і калектывам Шумілінскай СШ №2.
Адкрываючы размову і звяртаючыся да выпускнікоў школы, кіраўнік раёна зазначыў: “У нас цудоўная зямля, а якая зямля – такія і людзі. Мы павінны працаваць, каб наш край квітнеў і развіваўся. Я звяртаюся да вас, калегі, што ніхто акрамя нас не пабудуе для нас фізкультурна-аздараўленчы комплекс, царкву, школу мастацтваў, не мадэрнізуе бальніцу, іншыя сацыяльна-эканамічныя аб’екты”. Калегі – таму, што ўжо праз пяць гадоў, пасля заканчэння ВНУ і каледжаў вы вернецеся ў раён, і мы будзем працаваць разам, патлумачыў Уладзімір Пятровіч.
Старшыня райвыканкама расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, складаную дэмаграфічную сітуацыю. Некалькі соцень жыхароў раёна выязджаюць на працу за межы раёна. У развіцці раёна, паляпшэнні дабрабыту людзей можна зрабіць значна больш, але на гэта патрэбны вялізныя выдаткі. А атрымаць дадатковыя грошы без мадэрнізацыі прадпрыемстваў, без стварэння новых вытворчасцяў і новых працоўных месцаў немагчыма.
Апошнім часам акрэсліваюцца зрухі ў гэтым напрамку – адкрывае сваю вытворчасць прадпрыемства “Альянс-пласт”, развіваюцца дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, набываюць канкрэтныя абрысы аб’екты агратурызму і прыдарожнага сэрвісу. У. П. Куранны расказаў пра мадэрнізацыю малочнатаварных ферм, якая істотна павышае вытворчасць працы, аблягчае нялёгкую работу жывёлаводаў. Цяпер у раёне застаецца 30 старых ферм з ручной працай. Іх рэканструкцыя – адна з галоўных задач на бліжэйшыя год-два: каб і даенне і кармленне жывёлы было механізаваным. Калі мы павялічым вытворчасць працы ўдвая, мы атрымаем дадатковыя даходы ў бюджэт, якія дазволяць закрыць усе пытанні, зазначыў  старшыня райвыканкама.
Галоўнае – не спыняцца на дасягнутым, развівацца. “Мы спадзяемся на вас, вяртайцеся працаваць у родны раён – сёння ў раёне  запатрабаваныя спецыялісты любых прафесій, – заклікаў выпускнікоў Уладзімір Пятровіч. –  Не трэба губляцца, калі не атрымліваецца паступіць у ВНУ. Пачынаць можна з малога. Галоўнае – мець мэту ў жыцці і ісці да яе па кроках, але ўпарта. Вы – моладзь, вам выбіраць свой шлях па жыцці – усё ў вашых руках.” Ён прывёў уласны прыклад: прафтэхвучылішча – армія – тэхнікум, потым інстытут, Акадэмія кіравання; ад рабочага да спецыяліста, кіраўніка прадпрыемства, цяпер вось – кіраўнік раёна.
Уладзімір Пятровіч закрануў і тэму маральнага аблічча маладых людзей, іх паводзінаў у грамадскіх месцах. Саступіцца лёгка, асабліва цяпер, у маладосці, але варта ведаць, што такая памылка можа дорага каштаваць у будучым. Калі ёсць лішкі энергіі – лепш заняцца фізкультурай, спортам,  настаўляў ён юнакоў і дзяўчат.
Перад прысутнымі выступілі члены групы, якія расказалі пра патрэбы сваіх прадпрыемстваў і ўстаноў у кадрах, прапанавалі выпускнікам мэтавыя накіраванні па шырокім спектры рабочых прафесій, спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
З агульнай сітуацыяй у кадравым забеспячэнні раёна пазнаёміла прысутных начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Н. У. Захарава.
Айцец Вадзім, які прысутнічаў на сустрэчы, нагадаў Божыя запаведзі, што тычацца адносінаў да працы – добрасумленная праца ніколі не застанецца па-за ўвагай Усявышняга і будзе ўзнагароджана дастойна.
Дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро запрасіў выпуск-нікоў паступаць на спецыяльнасці камунальнага накірунку, у прыватнасці, водазабеспячэння. Старшыня праўлення райспажыўтаварыства Л. С. Доктарава запрасіла ў навучальныя ўстановы сферы гандлю і грамадскага харчавання.
Пра высокую адказнасць, бездакорныя паводзіны пры выбары прафесіі юрыста гаварыў пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў. Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукаў расказаў пра работу выратавальніка. В. а. дырэктара УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” А. П. Давыдаў запрасіў вучняў выбіраць прафесіі ў сферы АПК. Намеснік галоўнага ўрача Шумілінскай ЦРБ А. М. Кім прапанавала паступаць у медыцынскія ўстановы – раённай медыцыне патрэбныя ўрачы, фельчары, медыцынскія сёстры.
Ася Міхайлаўна спынілася і на тэме Дня інфармавання – прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. У нашым раёне зарэгістравана пяць ВІЧ-інфіцыраваных хворых, з іх двое, у тым ліку і адно дзіця, якое заразілася ад маці, памерлі. А. М. Кім расказала пра шляхі заражэння, меры прафілактыкі, заклікала да здаровага ладу жыцця. Галоўны спосаб прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі – адмова ад наркотыкаў, ад разбэшчаных паводзінаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *