В деревнях Ловжанского сельсовета на этой неделе побывал подворный обход

Общество Президент Сельское хозяйство

Дачнікі  прыязджаюць – і  вёскі  ажываюць
У аўторак, 14 красавіка, быў праведзены падворны абход на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета.

Спецыялісты райвыканкама, раённых службаў, дэпутаты сельскага Савета гутарылі з вяскоўцамі і старэйшынамі, дапамагалі вырашаць многія праблемныя пытанні. Група, у якой працавала карэспандэнт раённай газеты, наведала вёскі Пабеда, Лоўша, Мерзлякі, Залессе, Марынкіна, Слабада.
У Пабедзе адчувалася, што людзі нядаўна адсвяткавалі Вялікдзень. На большасці падворкаў была чысціня. Асабліва разваротлівыя паспелі нават пафарбаваць агароджу. “Цяпер землякі рыхтуюцца да Дня Перамогі, трэба ж падтрымліваць ганаровае званне вёскі –  Пабеда”, – кажа  дэпутат сельскага Савета дэпутатаў Ж. В. Волкава, якая суправаджала раённую групу па населеных пунктах.
Побач з Пабедай – вёска Лоўша. Тут многа дачных дамоў, бо гараджане аблюбавалі прыгожыя азёрныя мясціны. Мясцовыя жыхары расказалі, што дачнікі сюды прыязджаюць прыстойныя, сочаць за парадкам вакол дамоў, дзякуючы ім і вёска папрыгажэла.
Калі ў Пабедзе і Лоўшы было мнагалюдна, то вёска Мерзлякі сустрэла цішынёй і спакоем. “У нас усяго дзве сядзібы, дзе жывуць круглы год, а яшчэ прыязджаюць некалькі дачнікаў, – расказала мясцовая жыхарка Л. М. Муштарова. – Жывём вясковымі клопатамі: трымаем гаспадарку, вырошчваем на падаконніках расаду, будуем цяпліцы. Летам і восенню ходзім да Чорнага возера за ягадамі”. Лідзія Мікалаеўна з сумам расказала, што вёска аджывае сваё, а раней была вялікай, толькі дзяцей налічвалася больш за паўсотню. Добра, што хоць летам прыязджаюць дачнікі. Але некаторыя з іх паводзяць тут сябе не як гаспадары: насупраць аднаго з дамоў у пачатку вёскі мы ўбачылі сапраўдную звалку. Яна знаходзіцца зусім побач з праезнай часткай і прыдае непрыглядны выгляд усёй вёсцы.
Слабада нас сустрэла бусліным клёкатам: у самым пачатку вёскі кожны год селяцца гэтыя птушкі. Да нашай групы з хат выйшлі некаторыя гаспадары.  Падчас размовы ўбачылі жанчыну, якая на тачцы цягнула бітон з вадой. Аказалася, што людзі ходзяць за вадой на мясцовую ферму. Праўда, у вёсцы ёсць калодзеж, але ж вада там затхлая, а пачысціць самі пенсіянеры не ў сілах. Спецыялісты райвыканкама ўзялі гэтую праблему на аловак, думаецца, для работнікаў камунгасу будзе няцяжка пачысціць калодзеж.
Залессе  – вёска ціхая і немнагалюдная. Вяскоўцы прасілі спілаваць старыя дрэвы. У буру і моцныя вятры боязна, што могуць упасці на хаты.
У вёсцы Марынкіна людзі дзякавалі дзяржаве за клопат і за рэгулярныя выплаты пенсій. Былі таксама задаволены работай аўталаўкі.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №30 ад 17.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *