
Збірае да сотні цюкоў за дзень
На палетках раёна набірае абароты яшчэ адзін важны этап – уборка саломы. Для жывёлагадоўчых ферм яна жыццёва неабходная: яе выкарыстоўваюць і як каштоўны дадатак да рацыёну, і для подсцілкі жывёле зімой. На гэтым адказным «саламяным» участку ў ААТ «Прыазёрны мір» другі год запар выдатныя вынікі дэманструе механізатар Аляксей Гуцянка.
Працоўны шлях Аляксея ў аграрнай сферы пачынаўся з іншых пасад. Раней працаваў слесарам у райаграсэрвісе, затым перасеў на трактар – дастаўляў кармы жывёле на фермы, вазіў ваду падчас летне-пашавага перыяду.
Аляксей Гуцянка спачатку шчыраваў на палетках каля вёскі Непароты, а нядаўна пераехаў у Маркава, дзе яшчэ ў жніўні калыхаліся зерневыя. «Механізатар працуе старанна, фармуе шчыльныя, роўныя рулоны з саломы, – кажа в. а. дырэктара ААТ «Прыазёрны мір» Людміла Мамойка. – Вага аднаго цюка складае 400 кілаграмаў. Вытворчыя тэмпы, якія ўзяў Аляксей, уражваюць нават вопытных калег: за дзень ён пакідае на полі да сотні гатовых цюкоў. Мы вельмі задаволены работай Аляксея Гуцянкі».
Салома адразу ж адпраўляецца з палёў на далейшае захаванне – яе стагуюць каля вытворчых аб’ектаў гаспадаркі.
Ларыса КІСЯЛЁВА
