Пракуратура Шумілінскага раёна трымае на кантролі нарыхтоўку кармоў

Новости Сельское хозяйство

На кантролі – нарыхтоўка кармоў

Згодна з распараджэннем Віцебскага аблвыканкама пракуратура вобласці робіць маніторынг усіх сельскагаспадарчых работ, што вядуцца ў гаспадарках вобласці. Зараз на кантролі – нарыхтоўка кармоў.

– У нашым раёне пачалася нарыхтоўка кармоў першым укосам траў, – расказвае намеснік пракурора раёна Арсеній Дзянісаў. – Пракуратура раёна вывучае гатоўнасць сельгаспрадпрыемстваў да гэтых работ, выяўляе факты нядбайных адносін і безгаспадарчасці. Рэйдавыя мерапрыемствы будуць праводзіцца пастаянна. Пажарная бяспека, ахова працы, парушэнні працоўнай дысцыпліны, арганізацыя і ход касавіцы – тыя моманты, на якія звяртаем увагу пры выездзе ў сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна.
У пачатку мінулага тыдня Арсеній Дзянісаў пабываў ва ўсіх гаспадарках раёна, дзе праверыў ход нарыхтоўкі кармоў. «Выклікае заклапочанасць, што на панядзелак 14 чэрвеня да касавіцы прыступілі толькі ў двух гаспадарках – «АграБаравінцы» і «Лаўжанскім», – адзначыў Арсеній Аляксеевіч. – У раёне ўсяго трэба нарыхтаваць 9 тысяч тон траў, на момант маніторынгу было нарыхтавана толькі каля 15%».
Карэспандэнт раённай газеты ўдзельнічаў у рэйдзе па дзвюх гаспадарках – «Мішневічы» і «Сіроцінскі». Намеснік пракурора праверыў стан сянажных траншэй, іх гатоўнасць да прыёму кармоў. «Гэта адно з самых важных пытанняў, – канстатуе Арсеній Дзянісаў. – Ці адрамантаваны самі траншэі, ці пабелены і добраўпарадкаваны, ці ёсць пад’езд да іх. Ад усіх гэтых нюансаў у будучым залежыць якасць кармоў». У «Мішневічах» з трох траншэй, якія праверылі, падрыхтавана толькі адна. Ды і з тэхнікай не ўсё у парадку: кормаўборачны КВК-800-36 знаходзіцца на рамонце.
У «Сіроцінскім» на момант прыезду таксама не прыступілі да нарыхтоўкі кармоў. Праўда, уся тэхніка, у тым ліку кормаўборачны камбайн КВК, была падрыхтавана і чакала выезду на палеткі. Дырэктар КУСГП «Сіроцінскі» Мікалай Прыгодзіч паказаў намесніку пракурора, як вядуцца падрыхтоўчыя работы на сянажных траншэях. Кіраўнік гаспадаркі запэўніў, што да прыёму зялёнай масы сянажныя траншэі будуць поўнасцю падрыхтаваны.
– Падрыхтоўка і непасрэдна ход нарыхтоўкі кармоў не арганізаваны на добрым узроўні, – падсумаваў Арсеній Дзянісаў. – У асобных гаспадарках узнікаюць пытанні. Па выніках праверкі тэрмінова былі прыняты меры пракурорскага рэагавання, выкананне якіх дазволіць якасна правесці першы ўкос траў. Пракуратура раёна будзе трымаць гэта пытанне на кантролі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №47 ад 22.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *