
Ад падману выратавала пільнасць банкіраў
Сучасныя тэхналогіі нясуць у наша жыццё не толькі камфорт і зручнасць, але і новыя рызыкі. Махляры прыдумваюць усё больш складаныя і псіхалагічна закручаныя схемы, каб завалодаць зберажэннямі даверлівых грамадзян. Нядаўна ахвярай такой атакі ледзь не стала маладая жыхарка райцэнтра.
Усё пачалося з нібыта нявіннага званка ў месенджары. Ветлівы субяседнік прадфставіўся супрацоўнікам мабільнага аператара life і паведаміў, што ў жанчыны заканчваецца тэрмін дзеяння СІМ-карты. Каб не застацца без сувязі, ёй тэрмінова прапанавалі «перазаключыць дагавор» прама па тэлефоне, назваць свае асабістыя дадзеныя і код, які прыйдзе ў СМС-паведамленні. Як толькі жанчына назвала лічбы, махляры атрымалі доступ да банкаўскіх дадзеных.
Але на гэтым зламыснікі не спыніліся і перайшлі да цяжкай псіхалагічнай артылерыі – патэлефанавалі ад імя «міліцыі». Супрацоўнікі «праваахоўных органаў» абвінавацілі жанчыну ў экстрэмізме, заявілі, што з яе рахунку прама зараз ідзе фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. Каб выратаваць грошы, ёй загадалі іх тэрмінова пакласці на рахунак у банку. Напалоханая крымінальнай адказнасцю і сур’ёзнымі абвінавачваннямі жанчына сабрала ўсе свае зберажэнні – 8,4 тысячы рублёў – і накіравалася ў банк, каб выканаць усе інструкцыі.
Ад фінансавага краху жанчыну аддзяляў усяго адзін крок. Пры спробе правесці буйную аперацыю па пераводзе грошай спрацавала сістэма бяспекі і пільнасць банкаўскіх работнікаў. Западозрыўшы, што кліентка знаходзіцца пад моцным псіхалагічным уздзеяннем і дзейнічае па чужой указцы, банкаўскія работнікі імгненна заблакіравалі картку і рахунак, спыніўшы транзакцыю. Дзякуючы гэтаму, грошы засталіся ў гаспадара, а махляры засталіся ні з чым…
Каментарый оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку РАУС Максіма ВАСІЛЬЕВА:
– Сітуацыя, калі жыхарка райцэнтра ледзь не пазбавілася сваіх зберажэнняў – класічны прыклад шматступеньчатага падману, які зараз актыўна выкарыстоўваюць кіберзлачынцы. Махляры спачатку ўсыпляюць пільнасць бытавымі пытаннямі (напрыклад, пра дагавор сувязі), а потым уводзяць чалавека ў стан стрэсу і панікі, застрашваючы крымінальнымі артыкуламі за экстрэмізм ці здраду дзяржаве. З пачатку года 13 жыхароў раёна прызнаны пацярпелымі ад кіберзлачынцаў. Яны «падарылі» махлярам амаль 36 тысяч рублёў.
Звяртаем увагу грамадзян: супрацоўнікі міліцыі, КДК, Следчага камітэта, банкаў, сувязі, пошты і г. д. ніколі не тэлефануюць у месенджарах (Viber, WhatsApp, Telegram) і тым больш не патрабуюць пераводзіць грошы на рахункі ці называць коды з СМС. Калі вам паступіў падобны званок – неадкладна спыніце размову і паведаміце ў міліцыю па нумары 102. Пільнасць – гэта адзіная надзейная зброя супраць тэлефонных злодзеяў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
