В президиуме районного Совета депутатов: развитие подсобных хозяйств граждан

Актуалии Президент Экономика

У цэнтры ўвагі – прыватны гаспадар
У агульным аб’ёме валавой сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай у Шумілінскім раёне, прадукцыя асабістых падсобных гаспадарак складае больш за 30%. Вось чаму пасяджэнне прэзідыума раённага Савета, якое прайшло 25 лютага, пачалося менавіта з аналізу выканання Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак на тэрыторыі раёна ў 2011-2015 гадах.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава падкрэсліла неабходнасць дзяржаўнай падтрымкі прыватнага сектара эканомікі, запрасіла членаў прэзідыума, старшынь сельскіх Саветаў сур’ёзна прааналізаваць работу ў гэтым накірунку за 2012 год, каб не паўтарыць тых жа пралікаў і справіцца з даведзенымі на 2013 год заданнямі.
Варта адзначыць, што Шумілінскі раён заданне па закупу малака за 2012 год выканаў на 110,2% і выйшаў у чацвёрку лідараў па вобласці, а па закупцы цялят у насельніцтва (закуплена 413 цялят, план выкананы на 153%) наш раён першы ў вобласці.
Але ўклад у агульны вынік сельскіх Саветаў далёка не аднолькавы, пад-крэсліла І. М. Новікава. Ірына Мікалаеўна адзначыла добрую работу Дабейскага сельскага Савета, дзе на адну карову закуплена ў мінулым годзе 3846 кг малака (на 844 больш чым у 2011 годзе). Больш трох тон малака на карову закуплена ў Мікалаёўскім і Светласельскім сельсаветах. У той жа час у Сіроцінскім – толькі 911 кг.
Згодна з заданнем, у 2013 годзе Шумілінскаму раёну трэба закупіць у насельніцтва не менш 1515 тон малака і 324 галавы маладняку буйной рагатай жывёлы. Задача пасільная, запэўніла старшыня райсавета. Але ўжо сёння ўсім трэба актывізаваць работу.
З даведкі, якую агучыла на пася-джэнні галоўны спецыяліст упраўлення райсельгасхарчу старшыня пастаяннай камісіі па пытаннях аграпрамысловага комплексу і экалогіі раённага Савета дэпутатаў В. Г. Шыманец, на 1 студзеня бягучага года ў Шумілінскім раёне маюць прапіску 4893 падворкі ў сельскай мясцовасці. На падворках грамадзян ёсць 722 галавы буйной рагатай жывёлы (мінус 46 да ўзроўню мінулага года), у тым ліку 646 кароў (мінус 71), свіней – 1380 (мінус 143), коней – 200 (на ўзроўні 2012 года), авечак і коз – 752 (плюс 26), птушкі – 18,5 тыс. галоў (мінус 1,1 тыс.), 1152 пчоласям’і. Удзельная вага жывёлы прыватных гаспадарак складае: кароў – 7,8%, свіней – 21,9%, коней – 80%.
Відавочная сітуацыя скарачэння жывёлы ў прыватным сектары. І задача сельскіх Саветаў, сельгаспрадпрыемстваў прапанаваць рэальную дапамогу прыватнікам, якія хочуць трымаць на сваім падворку карову ці іншую жыўнасць.
У раёне распрацавана сістэма такой падтрымкі. Сельгаспрадпрыемствы, напрыклад, пры ўмове выканання прыватнымі гаспадарамі дагавораў па рэалізацыі дзяржаве малака і цялят выдзяляюць гатовае сена, зернефураж, прадугледжваюцца льготы па апрацоўцы агародаў, іншыя прэферэнцыі.
Тым не менш працаваць ёсць над чым і ёсць што ўдасканальваць. Так, у людзей нямала прэтэнзій да ААТ “Лаўжанскае” па закупу цялят. Сёння ўжо сорамна не мець машыну, абсталяваную спецыяльным трапам для загрузкі цялят і вагамі, як гэта робяць прыватныя фірмы. І часта гаспадар, які выпеставаў бычка, не верыць тым абмерам стужкай і аддае свайго гадаванца прыватніку.
На пасяджэнні гаварылі і пра іншыя моманты, напрыклад, пра неабходнасць штодзённай закупкі малака, у прыватнасці, і ў тых вёсачках, дзе кароў трымаюць адзін–тры гаспадары, весці закуп і ў выхадныя, не дапускаць затрымкі разлікаў за зда-дзеную прадукцыю.
Усё гэта прапісана ў прынятай на пасяджэнні пастанове. Гэты ж дакумент абавязвае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў разлічыць і давесці да ведама прыватных гаспадароў кошт вырошчвання зерневых культур і бульбы ў агульным масіве, а таксама пералік відаў паслуг, аказваемых насельніцтву, іх расцэнкі, прыняць іншыя меры для развіцця асабістых гаспадарак.
Дарэчы, як паказаў вопыт Лаўжанскага сельсавета, аб’яднанне зерневых участкаў грамадзян у масівы зручна і для людзей, і для гаспадаркі, якой не трэба ганяць камбайны па аддаленых агародах. Таму гэтая работа знойдзе свой працяг і ў гэтым годзе.
Улічаны і мінулагоднія пралікі па рэалізацыі прыватнаму сектару свіней. Пры плане 1500 галоў з Добрынскага ўчастка Віцебскага КХП прадалі толькі 975. Зараз, як паведаміла В. Г. Шыманец, адкрыты папярэдні запіс па тэлефоне 3-44-41, і парасятамі будуць задаволены ўсе жадаючыя. Кошт пакуль што ранейшы – 55 тысяч за кілаграм.
Наогул, усе задачы на гэты год акрэслены ў Плане мерапрыемстваў па развіццю і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак грамадзян Шумілінскага раёна на 2013 год, зацверджаным рашэннем райвыканкама 28 студзеня бягучага года.
На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў было таксама прааналізавана выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню за 2012 год, акрэслены задачы на 2013 год.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *