Шумилинский лесхоз: достижения, планы, перспективы развития

Актуалии Экономика

“Разлічваем на экспарт і плён рук нашых рабочых…”
Напярэдадні прафесійнага свята слова в.а. дырэктара ДЛГУ «Шумилински лясгас» Ігару Яўгенавічу Папку.

— У лясной гаспадарцы ніколі не было лёгка. Хаця і надалі лесу словы “зялёнае золата”, тым не менш яго трэба здабыць, прабачце, потам і немалымі затратамі сіл. Былі гады, калі нашу драўніну бралі на экспарт і па высокай цане, і ахвотна. Але час памяняўся, крызіс наклаў свой адбітак на нашу дзейнасць. Асабліва нялёгкім быў мінулы год, калі драўніна ляжала ў нас штабялямі, а рэалізацыя была зусім нязначнай. Канец таго ж 2009-га, аднак, стаў па сутнасці пераломным у плане нарошчвання паставак на экспарт. Сёння за месяц рэалізоўваем прадукцыі да 600 мільёнаў рублёў, у тым ліку на 250 мільёнаў — на экспарт.
Так што разлічваем на экспарт у першую чаргу і, вядома, на плён рук нашых рабочых. Аб лепшых брыгадах — крыху пазней, а пакуль — пра эканоміку і матэрыяльную базу. У 2007 і 2008 гадах, калі экспарт быў на ўздыме, набылі фінскі трактар “Фарвардар”, а таксама “Амкадор-харвэстар”. Такая тэхніка — як ратаванне для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці. Каб палепшыць механізаваную сістэму нарыхтовак, закупім неўзабаве яшчэ аднаго “харвэстара”. Больш нарыхтуем, больш прададзім — больш заробім. А калі так, то і зарплата не будзе стаяць на месцы. За жнівень яна ў межах 1 млн. руб. у сярэднім па лясгасу.
Умовы працы нялёгкія — балоцістасць, нізкія мясціны не заўсёды дазваляюць зрабіць тое, што плануеш. З 65 тысяч “кубоў” разліковых лесасек усяго 12 тысяч — хваёвых парод дрэў, хаця і з гэтага 5 тысяч кубоў знаходзяцца ў цяжкадаступных мясцінах. Але шукаем выйсце. На пару самай бездаражы дамовіліся са Старадарожскім лясгасам, на Міншчыне, што будзем весці нарыхтоўкі драўніны там. Адтуль вывезлі 5 тысяч кубоў. Нашы брыгады лесарубаў працуюць і на бураломных масівах. Выязджалі ў свой час з такім візітам у Чавусы, у Бярэзінскі лясгас, зноў жа ў Бярэзінскім і Чэрвеньскім заняты шумілінцы  сёлета.  За той час, што адкамандзіраваны, нашы лесарубы сёлета адправілі на рэалізацыю 24 вагоны гатовай прадукцыі, з іх 6 вагонаў дроў для камунгаса.
Дарэчы, пра дровы. З імі сёлета нялёгка. І не таму, што няма нарыхтоўкі — ёсць, проста нам, напрыклад. асіну эканамічна больш выгадна аддаць на экспарт (30 еўра за 1 куб. м), чым пастаўляць камунгасу дрывамі па смешнай цане. Кожны кіраўнік лічыць, што выгадна, а што не дае прыбыткаў. Тым не менш гэта не значыць, што мы зрываем планы па дрывах. Іх нарыхтавана за 8 месяцаў года  23 тысячы куб. м  пры плане 33 тысячы, рэалізацыя склала амаль 22 тысячы кубоў. У прыватнасці, УП ЖКГ паступіла з лясгасу іх 6540 кубаметраў.
З прыходам новага міністра лясной гаспадаркі набудзе шырокі размах тэма навядзення парадку ў лясах. Да канца бягучага года  з’явіцца новая кантора ў Казьянскім лясніцтве, зробім капітальны рамонт будынка лясніцтва ў Мішневічах, мяркуем надаць больш гожы выгляд і апартаментам нашага лясгасу. На чарзе — новыя адміністрацыйныя будынкі для Мікалаёўскага і Шумілінскага лясніцтваў, ажывае жыллёвае будаўніцтва. Сёлета сіламі ПМК-70 будзе  здадзены дом прысядзібнага тыпу ў Мішневічах, а ўвогуле да 2015 года ўзвядзём 15 асабнякоў для работнікаў лясной гаспадаркі. Не за гарамі здача паляўнічага доміка,  дзе будуць створаны ўмовы для палявання і адпачынку замежных гасцей.
Сапраўднае золата — нашы людзі. Асабліва тыя брыгады, на якіх трымаецца наш лясгас. Адзначу брыгаду лесанарыхтоўчага ўчастка пад кіраўніцтвам А. В. Кузьмічова, брыгаду Мікалаёўскага лясніцтва (ляснічы С. В. Сцепанец), стабільна выконвае планы Казьянскае лясніцтва (У. М. Мазейка). З вадзіцеляў на пагрузцы і вывазцы лесу шчыруюць Анатоль Ягоравіч Галунцоў, Міхаіл Пятровіч Цвяткоў, Уладзімір Іванавіч Мельнік, Аляксандр Віктаравіч Кузняцоў, руплівасцю вызначаецца вадзіцель Пётр Кірылавіч Глушнёў. На вышыні брыгада аператараў “Фарвардара” ў складзе Івана Іванавіча Клычава, Пятра Ягоравіча Галунцова, Вадзіма Іванавіча Галаўнёва і Рыгора Іванавіча Бажанава. Яны працуюць вахтавым метадам  кругласутачна.
Карыстаючыся выпадкам, хачу шчыра павіншаваць увесь свой калектыў (а працуе ў нас 270 чалавек), ветэранаў лясной гаспадаркі з прафесійным святам. Здароўя ўсім, дабрабыту, светлага жыццёвага лёсу.
Надрукавана ў №72 ад 17.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *