«Тамара-гандаль»: 15 год прызнання пакупнікоў

Общество Экономика

«Тамара-гандаль»: 15 год прызнання пакупнікоў

Па выніках спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці Шумілінскага раёна за 2020 год у групе «суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» пераможцам прызнана прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Тамара-гандаль».

Сваю гісторыю ПГУП «Тамара-гандаль» пачало ў маі 2006 года, калі ў Шуміліне ў раёне МСО быў адкрыты новы магазін. «Усяго ў краме працуе 15 чалавек, – расказвае дырэктар «Тамара-гандлю» Алена Трошка. – Кожны з гэтых людзей адказны і надзейны, добра ведае сваю справу. Асабліва хочацца адзначыць тых, хто працуе з першых дзён, – гэта галоўны бухгалтар Тамара Мікалаеўна Палякова, прадаўцы Таццяна Красіцкая, Рыта Котава, Вольга Уласянкова, Святлана Магер і Вікторыя Канавалава».
З першых дзён асноўнымі прынцыпамі работы магазіна сталі ветлівае і хуткае абслугоўванне пакупнікоў, шырокі асартымент тавараў і мінімальная гандлёвая нацэнка на многія віды прадуктаў. Такі падыход прыйшоўся даспадобы шумілінскім пакупнікам, якія, нягледзячы на адкрыццё ў райцэнтры супермаркетаў вядомых брэндаў, па-ранейшаму аддаюць перавагу магазіну «Тамара-гандаль».
Сёння ў краме больш за 1600 найменняў тавару. У сярэднім за дзень наведвае больш за 1000 пакупнікоў. У магазіне імкнуцца задаволіць самы строгі пакупніцкі попыт. «У пакупніка павінен быць выбар тавараў, – упэўнена сцвярджаюць прадаўцы крамы. – Прычым тавараў свежых. Толькі тады людзі пойдуць у магазін. Пастаянна пашыраем асартымент. Так, напрыклад, каўбасная і мясная прадукцыя ў нас прадстаўлена 7 мясакамбінатамі, а малочная прадукцыя – 8 малочнымі прадпрыемствамі».
Магазін штодня пачынае работу ў 7 гадзін раніцы. Прыкладна ў гэты час прыязджаюць і першыя машыны з таварам – хлебабулачнымі і малочнымі вырабамі. Усяго за дзень прадукты прывозяць больш чым 15 машын розных кампаній.
Асаблівая ўвага – якасці прадуктаў. «У нас на строгім кантролі тэрміны прыдатнасці тавараў, – адзначаюць прадаўцы. – І гэта патрабаванне сучаснага рынку. Чалавек, адзін раз купіўшы пратэрмінаваны прадукт, другі раз у гэты магазін не пойдзе. А мы працуем для таго, каб нашы пакупнікі да нас вярталіся зноў і зноў».
Перспектывы развіцця
У бліжэйшы час пакупнікоў «Тамары-гандлю» чакае прыемны сюрпрыз: за кошт складскіх памяшканняў павялічацца гандлёвыя плошчы крамы. Зразумела, што з іх павелічэннем павялічыцца і асартымент тавараў.
А вось наступны год павінен стаць новай старонкай у гісторыі прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Тамара-гандаль». Плануецца, што пачне работу новы гандлёва-гасцінічны комплекс па вуліцы Юбілейнай, 33б, дзе акрамя гасцініцы будзе буйны ўніверсальны магазін. Зараз там вядуцца маштабныя будаўнічыя работы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №56 ад 23.07.2021 г.

Святлана Гусакова, Вольга Уласянкова, Рыта Котава, Святлана Магер, Мікіта Скараход, Наталля Баранава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *