КДН проверила семьи в Сиротинском сельсовете

Общество

Самых нядбайных – на камісію
Рэйдавая група па сем’ях, што стаяць на кантролі, на мінулым тыдні ад’язджала з райцэнтра па ўсіх правілах канспірацыі, у апошні момант замест Лаўжанскага накіраваліся ў Сіроцінскі сельсавет. Мэта такой “канспірацыі” адна – каб атрымаць аб’ектыўную карціну становішча дзяцей у падкантрольных сем’ях, убачыць не ўпрыгожаную пад візіт камісіі, а рэальную сітуацыю ў дамах і кватэрах. А наведваць прыйшлося амаль два дзясяткі сем’яў, у якіх жыве 43 дзіцяці.
Нечаканасць візіту групы, у якую ўваходзілі прадстаўнікі аддзела адукацыі і камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, раённага аддзела ўнутраных спраў і раённай газеты, дапамагла высветліць рэальную абстаноўку ў сем’ях. Дзесьці было прыбрана і адносна чыста, дзесьці панаваў “рабочы” беспарадак, а дзесьці быў проста “ціхі жах”. Бацькі і дзеці займаліся сваімі справамі, гатавалі ежу, вячэралі, мылі бялізну, вазіліся з немаўлятамі. Але было і іншае: бутэлькі пад сталом і на стале, тытунёвы дым у пакоі, дзе гуляюць дзеці, сонны п’яны мужчына на канапе, зваленыя грудай рэчы, падлога, не падмеценая, можа, тыдзень, а можа месяц, іншае.
Прыезд рэйдавай групы нікога не здзіўляе, бо ў такіх сем’ях ужо прызвычаіліся да праверак: прывычна паказвалі пасцельную бялізну на дзіцячых ложках (дарэчы, гэта значны прагрэс, бо раней у большасці такой “раскошы” не было), халадзільнік і паліцы з крупамі, адказвалі на пытанні правяраючых. Хтосьці кідаўся падмятаць падлогу, быццам за некалькі секунд можна навесці парадак там, дзе ты-дзень венік не гуляў. Адносна пустых бутэлек хтосьці спасылаўся на старога дзядулю – “як яму забараніць?”, а хтосьці і агрызаўся – “што, ужо ніколі выпіць нельга?”. Прыходзілася тлумачыць, што, можа, і не варта піць, бо гэта падстава, каб забраць дзіця ў прытулак, з усімі наступствамі: ператварыцца ў абавязаныя асобы, займець даўгі перад дзяржавай і пагрозу згубіць бацькоўскія правы.
Тым не менш здзіўляла, што ў большасці сем’яў ёсць новая бытавая тэхніка – тэлевізары, ноўтбукі і камп’ютары, мікрахвалёвыя печы. Хаця часам здавалася, што ўвесь гэты хай-тэк сярод бруду, смецця, ламанай мэблі і кучы рыззя выглядае дзіка і дзіўна. У адной з хат, каб зайсці ў памяшканне, трэба было пераскочыць праз глыбокую яміну ля парога: падлога праламалася ці згніла, а гаспадару  і двум сынам-дзецюкам, што гулялі ў камп’ютары, рукі не дахо-дзяць адрамантаваць. Дарэчы, там жа гэтая падлога была непрыбраная можа ад засялення, а ў доме жанчына-гаспадыня і дачка-старшакласніца.
Было прыемна, калі ў некалькіх сем’ях ў аграгарадку Слабада на пытанне “Дзе дзеці?”, адказвалі: “У школе ў гуртках, на факультатывах”. Добра, што дзеці не гойсаюць па вуліцах у пошуках “прыгод”, а занятыя карыснымі справамі. А ў адным з дамоў у Сіро-ціне дзяўчынка гуляла на ноутбуку ў шахматы – ёсць цяга да развіцця, да ведаў, толькі б падтрымалі бацькі яе, не згубілі з маленства гэтую цягу.
Па выніках рэйду трох бацькоў, дзе абстаноўка ў дамах не адпавядала паняццю “норма”, вырашана запрасіць на камісію па справах непаўналетніх  Сіроцінскага сельвыканкама. А аднаго мужчыну, які сустрэў рэйд п’яным, выклікалі на раённую камісію.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №18 ад 05.03.2013 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *