День работы с населением: один жалуется и ждёт, другие решают проблемы сами

Актуалии Общество Сельское хозяйство

Дзень работы з насельніцтвам: Мішневіцкі сельсавет
Адзін са скаргай, другі – больш памяркоўны

Калі шчыра, сустрэчы з вяскоўцамі люблю і чакаю іх. І не па абавязку службы, калі трэба ехаць у складзе групы райвыканкама або разбірацца са скаргаю, а найбольш —  чакаю шчырай і жывой гаворкі з цікавымі людзьмі.
Апраўдала мае журналісцкія чаканні і сустрэча з вяскоўцамі Мішневіцкага сельсавета. Вядома, не гавару за ўсе 30 вёсак — скажу за тыя чатыры, дзе трапілася пабываць. Да месца сустрэчы з жыхарамі вёскі Андрэеўка ехалі доўга, хаця што там ад Мішневіч — рукой падаць. Ехалі паўз рэдкіх, паўзакінутых хатак (“Гэта былая вёска Слабада”, — патлумачылі), імчалі па дарозе далей, пакуль не збочылі на прыгожую, калі хочаце, палянку, дзе стулілася гожая хата. Тут жыве сям’я У. Ф. Пятрова. Жанчыны ўвішна ўзяліся выносіць лаўкі, рыхтавацца да зацікаўленай гаворкі.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, кіраўнік групы, дала спачатку слова В. В. Шархуну з РАНС, які расказаў аб пажарах і ахвярах падчас здарэнняў, аб тых мерах, якія дазволяць папярэдзіць трагедыю, выступілі в. а. участковага інспектара Д. М. Зубараў, ад Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — Я. М. Сянькова.
А пытанні ў вяскоўцаў былі розныя. Пачалі з балючага: абмалацілі свае збожжавыя, але страты вялікія. “Пасеяла тры мяшкі, узяла пяць”, — скардзілася адна жанчына. Але ж не першы год вядзецца гаворка пра вынас прыватных участкаў са збажыной у севазвароты гаспадарак. Выгадна, гэта пацвярджаюць усе, хто рызыкнуў адмовіцца ад “дзедаўскага” метаду.  Дарэчы, па раёне такіх участкаў сабралася на 105 гектараў.
Па дрэвах, якія просяць спілаваць. На палянцы пяць ці шэсць бяроз, іх долю ўжо вырашылі, але ж побач — лінія электраперадач. Гаварылі пра аўталаўку, якая прыходзіць у вёску і вязе чэрствы хлеб, не мае касавага апарата, бедны выбар тавараў.
Тон гаворкі ў вёсцы Жданоўка задаваў У. С. Дзёмін. Ён рубам паставіў пытанне закончыць, нарэшце, падсыпку дарогі, навесці парадак з асвятленнем, у старэйшыны вёскі А. В. Салаўёвай вечныя турботы з нарыхтоўкай дроў на зіму, а маладая жанчына скардзілася: ніяк не можа падключыцца да інтэрнэта. Але самая балючая праблема — вада. Даўно наспела патрэба мець у вёсцы сваю студню, былі кольцы, але іх, па словах старшыні Мішневіцкага сельвыканкама Н. У. Малай, перадалі ў Глушыцу. “Трэба закупіць і ў Жданоўку”, — такое патрабаванне.
У вёсцы Казлы настрой у людзей зусім іншы. Хаця тут усяго чатыры жылыя хаткі. Мясціны маляўнічыя, цішыня тут і супакой. На такую “хвалю” і настроіла гаворку жанчына, якая выйшла да нас “на шум матораў”. Пазнаёміліся: Н. П. Шамкова — з Віцебска, сур’ёзна асела тут тры гады таму, вырашыла адысці ад гарадскога тлуму і мітусяніны. “Тут цішыня і суладдзе з прыродай, — прызналася Наталля Пятроўна. — Вось не сяджу склаўшы рукі…” Жанчына высадзіла рад маладых хваінак паўз узмежак, расказала, як вырошчвае бульбу, клубніцы, паказала свае аазісы прыгажосці. У жанчыны — адметны светапогляд, і разважанні кранаюць сваёй чысцінёй думак.
Ніводнай скаргі не пачулі ў вёсцы Шыпуліна. На  жылых сядзібах адчуваецца гаспадарская рука, тут згуртаваліся і набылі ў мясцовай гаспадарцы коніка. Па чарзе яго даглядаюць, накошваюць сена на зіму. І не скардзяцца на долю.
Гэтая памяркоўнасць, дабрата натуры сялянскай і жыццёвая мудрасць бальзамам кладуцца на сэрца…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №72 ад 17.09.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *