Шумилинские школьники писали письма о воде

Образование Экология

Вада як найкаштоўная крыніца
У раёне прайшоў першы этап 17-га Беларускага маладзёжнага эпісталярнага конкурсу на тэму “Напішы ліст пра тое, чаму вада з’яўляецца найкаштоўнай крыніцай” У конкурсе прыняў удзел 21 вучань з 11 устаноў адукацыі раёна, паведаміла нам галоўны спецыяліст аддзела адукацыі В. М. Цярэнцьева.
Па рашэнні журы было прысуджана дзесяць прызавых месцаў. Дыплом першай ступені атрымала Марына Пяшко з Навікоўскай школы (яе работа будзе накіравана на абласны конкурс), дыплом другой ступені ў Таццяны Васкоўскай і Вікторыі Лузгіной з Обальскай школы, а таксама ў Рэнаты Ахтарыевай з Язвінскай школы. Прысуджана шэсць дыпломаў трэцяй ступені.
Многа цікавых разважанняў напісалі дзеці пра каштоўнасць вады. Лісты былі розныя: да сяброў, родных, знаёмых, суседзяў. Марына Пяшко з Крывога Сяла пісала ліст ад імя Бурбалкі: “Тое месца, дзе я апынулася, цяжка назваць Сажалкай, бо яно больш нагадвае сметнік: пластыкавыя бутэлькі “ўпрыгожваюць” беражкі, то тут, то там віднеюцца пакеты, ды і шкляныя бутэлькі не рэдкасць. Сур’ёзныя і паважныя трытоны хаваюцца за рэдкія водарасці, каб не сустрэцца позіркам з нечаканымі гасцямі: сорамна жыць у такім брудзе. Аднойчы да нас завітала Галубка, каб наталіць смагу. Але брудная вада не падыходзіць для піцця. Усё жывое пакутуе без чыстай вады. Гінуць жывёлы, чэзнуць кветкі, цяжка птушкам. Кузуркі вязнуць змарнелымі ножкамі ў брудзе. Наваколле не радуе вока. Трэба нешта рабіць! Трэба ратаваць Сажалку, бо яна – крыніца навакольнага жыцця. Калі вада не будзе забруджана людзьмі, то ўсё жывое будзе радаваць вока”.
Рэната Ахтарыева з Язвіна ў лісце звяртаецца да свайго суседа: “А цяпер сходзім да нашага возера Мурожніцкае. У вас, вядома, не ўзнікаюць думкі набраць адтуль чыстай вады. Яе там няма. А памятаеце, як вы неаднаразова прыязджалі туды мыць сваю легкавушку? У ваду траплялі бензін, змазачнае масла. Вы зможаце купацца там? А як адчуваюць сябе насельнікі вадаёма? У рэкі і азёры зліваюць сцёкавыя воды заводы і фабрыкі. Уявіце, што адзін літр сцёкавай вады псуе сто літраў добрай, прыгоднай для ўжывання. У гэтым ёсць і доля вашай віны. Задумайцеся! Страшна, што праз некалькі дзесяцігоддзяў людзі будуць шукаць чыстую крынічку, каб наталіць смагу, і не знойдуць яе”.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №22 ад 19.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *