Несколько наблюдений сквозь снежные заносы

Общество

Перадсмяротная агонія зімы?..
У суботу газеты не прынеслі. Тая звычка, якая ўкаранілася ўва мне дзясяткамі гадоў чытаць штодзень газеты, падмывала абурыцца, рука пацягнулася да тэлефоннай трубкі. А тады ўспомніў з ранішняй натуры адзін эпізод і астудзіў сябе…
Цыклон – стыхія. Страшна і летам, і зімой. Зімой, мне здаецца, асабліва страшна: калі мяцеліца, замець, то нічога не бачыш на адлегласці выцягнутай рукі. У такое надвор’е добры гаспадар не выганяе сабаку на вуліцу.
Стыхія разбушавалася ў пятніцу. Раніцой дужа не паказвала на буру, аднак бліжэй да паўдня пачалося такое скавытанне, што рабілася не па сабе. Дадому з работы людзі ішлі навобмацак.
Мяцеліца, снежная завея не сунімалася ўсю ноч. Я бачыў праз акно, як маладая жанчына праз высокія (месцамі на метр-паўтара!) сумёты цягнула веласіпед, пераносіла яго праз перамёты-бураны. Я ведаў, што жанчына – паштальён, і без веласіпеда ёй ніяк не абысціся: сумка, напакаваная газетамі і часопісамі, цяжкая, нясеш – плячо адрываецца. У гэты дзень, у суботу раніцой, якая пачыналася такім жа парывістым ветрам са снегам, многія дарогі яшчэ былі не расчышчаны. Не справіліся ні дарожнікі, ні камунальнікі: усю ноч бушавала стыхія, падсыпала і прасавала сумёты снегу. На ферму даяркі і “кармачы” ішлі па дарозе, месячы снег, які быў ледзь не па самы пояс. А тралявалі, бо кароў нядоенымі не пакінеш. Калі добра развіднела, пайшоў па дарозе магутны трактар з задняй лапатай. Ён павярнуў на ферму, а ўслед паехалі машыны – і легкавыя, і з розным грузам.
Дарэчы, на ферму дарогу расчысцілі, а вось да самага панядзелка некалькі хат, якія бліжэй да Ільінцаў, так і засталіся блакіраванымі ад “Вялікай зямлі”. А ў аднаго чалавека сваё аўто. А што калі спатрэбілася б каму хуткая дапамога? Думаю, не зламаўся б трактарыст, каб праехаў метраў дзвесце па дарозе ў бок Ільінцаў…
Недзе пад поўдзень вярталася паштальёнка дадому. Такая ж карцінка, як і раніцой: прабіваючыся з веласіпедам па сумётах.
А вечарам я не дачакаўся газет. Да гэтага я ўжо ведаў, што ў суботу раніцой адмянілі свята Масленіцы.
Не бяда: усе, хто любіць бліны і шануе вялікае свята, маглі сабе дазволіць такія прысмакі, калі хочаце, марцыпаны ў сябе дома. Не выходзячы на двор, які патанаў у снегавой крутаверці. Тым больш, што з панядзелка, 18 сакавіка, пачаўся Вялікі пост…
Мікалай МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *