Радости и проблемы молодой семьи

Семья

Жыць там, дзе працуеш,  або Клопаты навасёлаў
Якое шчасце мець уласнае жыллё! Гэта па-сапраўднаму разумеюць толькі тыя, хто мыкаўся па здымных кватэрах, хто раней не меў свайго ўласнага вугла. Як, напрыклад, Павел і Таццяна Дзмітрыевы з Мікіціхі. На думку маладой сям’і, ім проста пашанцавала – выдзелілі ў новым доме двухпакаёвую кватэру. Пакоі, кухня і прыхожая вялікія, ёсць дзе развярнуцца і паставіць новую мэблю. Проста шыкоўнае жыллё ў параўнанні з той аднапакаёўкай, якую раней здымалі ў Обалі.
–  Ды і жыць там, дзе працуеш, намнога зручней,  – лічыць малады гаспадар Павел, інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку ў ААТ “Лаўжанскае”.
У Дзмітрыевых, як і ў кожнай з дзесяці сем’яў, якія нядаўна засяліліся ў трохпавярховы дом у Мікіцісе, зараз шмат прыемных клопатаў. Яны – навасёлы! І гэтым усё сказана. Маладая сям’я рыхтавалася да пераезду загадзя: купілі мяккую мэблю, кухонны гарнітур і тое-сёе з драбязы. Калі ўлічыць тое, што кватэра здавалася “пад ключ” – пафарбаваная ды паклееная – дык і зусім здорава.
– Нам вельмі пашанцавала з жыллём, – гавораць навасёлы. – Сантэхніка новая, столь і падлога роўненькія.
Павел і Таццяна шчаслівыя, што маюць нарэшце асобнае жыллё. А галоўнае – бясплатнае, бо жывуць яны ў аграгарадку. Маладая сям’я прыкідвае, колькі б каштавала такая двухпакаёўка ў Шуміліне. Яўна не па кішэні. Таму яны асабліва ўдзячны дзяржаве за клопат пра маладыя сем’і.
У Дзмітрыевых многа планаў: хочацца купіць легкавы аўтамабіль, плазменны тэлевізар, мэблю. У будучым думаюць і сям’ю пашыраць. А пакуль асвойвае новую тэрыторыю сямімесячная дачушка Настачка. “У сям’і павінна быць не менш чым два дзіцяці, – лічыць Павел Дзмітрыеў. – Жыллё і работу мы ўжо маем. Будзем старацца працаваць, каб ні ў чым не мець патрэбы”. Таццяна згаджаецца з мужам. Яна пакуль займаецца выхаваннем дачушкі, а ў будучым думае працаваць па прафесіі – эканамістам.
Дзмітрыевы любяць сваю сям’ю, з непрыхаваным пачуццём гордасці расказваюць адзін пра аднаго і пра свае захапленні. Разам любяць адпачываць на возеры, пячы дранікі. А галоўным сакрэтам сямейнага жыцця лічаць узаемаразуменне. Яго не купіш ні за якія грошы, яно жыве ў душы чалавека. І Дзмітрыевым з гэтым пашчасціла.
Аўтар Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №73 ад 21.09.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *