На заседании президиума Шумилинского районного Совета депутатов были рассмотрены вопросы земельного законодательства и обеспечения жителей района дровами

Актуалии Президент

Без зямлі і без дроў чалавек як без рук?..
Пасяджэнне прэзідыума  пачалося з уступнага слова старшыні раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай, якая вяла пасяджэнне. Ірына Мікалаеўна коратка ахарактарызавала сітуацыю з выкананнем зямельнага заканадаўства ў раёне (работу ў гэтым накірунку дзейнасці Мішневіцкага сельсавета  і мелася на мэце разгледзець па першаму пытанню парадку дня), адзначыла, што за грамадзянамі ў раёне замацавана 3200 гектараў зямлі – на 80 гектараў менш, чым было яе год назад.
Пра работу з вяскоўцамі ў Мішневіцкім сельсавеце па эфектыўнасці выкарыстання зямельных надзелаў, па ўзаемаадносінах з мясцовай гаспадаркай дакладвала начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама З. Ф. Алюліна. Зафія Францаўна адзначыла, што па зямельнай плошчы Мішневіцкі сельсавет  самы буйны ў раёне – 34 тысячы га, з іх 8,7 га замацавана за КУСГП “Мішневічы”. Землі апрацоўваюцца, занятыя ў сферы вытворчасці, аднак і тут ёсць хібы і недапрацоўкі. Напрыклад, пустуюць землі побач з фермамі, землі  заплылі гноем. Па падліках спецыялістаў, сумарна гэта 4,5 га. Не ўсё добра з выкарыстаннем сотак ля вясковых сядзіб, адведзеных пад пасадку бульбы і сяўбу збожжавых, па замене старых, замшэлых пашавых угоддзяў для выпасу вясковых гуртоў. Па першай праблеме падказка такая: мясцовай гаспадарцы было б разумна адвесці дадаткова да   вызначанага плана сяўбы  гектараў 50 для патрэб вяскоўцаў, а таксама для таго, каб можна было прывозіць збожжа ў час правядзення раённых кірмашоў.
Пра пашы для  кароў вяскоўцаў. Пашы для замены па сельсавеце назбіраецца на 16 га, аднак пакуль што няма яснасці, якія з іх трэба памяняць у першую чаргу. Няма таксама і дакладнай схемы замены гэтых пашаў, хаця і прагучала пажаданне, каб памяняліся яны ў першую чаргу побач з вёскай Сураўні і аграгарадком Мішневічы.
Нямала клопатаў у сельсавета па рэкультывацыі зямель пасля зносу струхлелых і занядбаных дамоў. З 48 былых сядзіб усяго дзве даведзены да лагічнага канца. Крайне мала. Зараз па сельсавеце незапатрабавана 272 га зямлі.  Ахвотнікаў набываць землі ў прыватную ўласнасць ці ў арэнду мала, няма ніводнага ўнесенага ў спіс  ўчастка для продажы праз аўкцыёны. Хаця тут З. Ф. Алюліна не бачыць праблемы: было б жаданне чалавека, ён зможа набыць участак па іншых каналах, неабавязкова праз аўкцыёны. Вось бліз азёр, у Башнях, у Гародне, яшчэ недзе і цана ўчастка трымаецца, і ахвотнікаў займець надзел нямала. Тут жа чамусьці з гэтым вельмі скупа. Можа, таму, што на Казьяншчыне практычна няма вёсак, дзе зямельныя надзелы абмывалі б хвалі.
Другое пытанне парадку было не менш надзённае –  аб ходзе выканання  рашэння прэзідыума райсавета па забеспячэнні  палівам насельніцтва раёна па танных цэнах. Па становішчы спраў у гэтым плане выступіў дырэктар Шумілінскага філіяла АУП “Віцебскаблпаліў” У. М. Кійко.  У аналізе было нямала цікавай статыстыкі. Напрыклад, 83% у аб’ёме паставак насельніцтву займаюць дровы папілаваныя і паколатыя. А яшчэ – з бюджэту для  патаннення дроў і торфабрыкету жыхарам раёна выдаткавана паліўзбыту 1,2 мільярда рублёў. Райпаліўзбыт забяспечвае 27% гаспадароў-домаўладальнікаў раёна, якія ацяпляюцца мясцовымі відамі паліва. Законнае пытанне: а дзе ж бяруць паліва астатнія 73% спажыўцоў?
Для таго, каб праліць святло на праблему, далі слова дырэктару Шумілінскага лясгасу І. Я. Папку. Якія схемы завозу дроў спажыўцу? Ніякіх прынцыпова новых схем няма, сказаў Ігар Яўгенавіч. Чалавеку могуць завезці на падворак гатовыя дровы, ён можа вывезці іх сваім транспартам і заняцца саманарыхтоўкай.  Вось і ўсе варыянты. Вядома, кожнаму хочацца, каб без валакіты прывезлі ў двор. Праўда, такія дровы абыдуцца ў добрую капейку, таму ўрад Беларусі і прадугледжвае кампенсацыю для  патаннення паліва для спажыўцоў. Вось прыклад. Скажам, “куб” сасновых дроў па свабодных цэнах каштуе 66 тысяч рублёў, па фіксаваных жа – усяго да 28 тысяч.
Лясгас паставіў летась спажыўцам 10 тысяч кубаметраў дроў, яшчэ 3,5 тысячы завезлі людзям з райпаліўзбыту. У раёне ж больш за 4 тысячы домаўладанняў, дзе ацяпляюцца дрывамі ці брыкетам.  На дом, дапусцім, трэба на зіму 5 “кубоў” дроў, па мінімуму. Калі так, усё адно шмат спажыўцоў карыстаюцца   паслугамі  прыватніка або наогул высякаюць дровы сабе ў хмызняках.
Каб упарадкаваць продаж танных (па фіксаваных і льготных цэнах) дроў і торфабрыкету, вырашана арганізавана і аператыўна забяспечыць усіх спажыўцоў, хто карыстаецца паслугамі райпаліўзбыту, паліўнымі кніжкамі. Для гэтага тым, у каго іх няма на руках, павінен быць цікавым графік выдачы паліўных кніжак па сельсаветах: 1 красавіка з 14.00 да 17.00 кніжкі будуць выдавацца ў Лаўжанскім сельсавеце, 2 красавіка – у Мікалаёўскім (з 9.00 да 13.00) і Обальскім (з 14.00 да 17.00) сельсаветах, 3 красавіка – у Сіроцінскім (з 9.00 да 13. 00) і Мішневіцкім (з 14.00 да 17.00), 4 красавіка – у Каўлякоўскім (з 9.00 да 13.00), Дабейскім (з 14.00 да 17.00) сельсаветах.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №25 ад 28.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *