Почти 30 лет спешит на помощь больным фельдшер скорой Валентина Лепнёва

Актуалии Здоровье Общество

“Хуткую дапамогу выклікалі?”

Ратаваць здароўе, а падчас і жыццё – справа не з лёгкіх. А для Валянціны Ляпнёвай гэтая справа вось ужо амаль 30 год – прафесія.
“З дзяцінства марыла стаць медработнікам, каб дапамагаць людзям быць здаровымі, – расказвае Валянціна Уладзіміраўна, – памятаю, як аднойчы класны кіраўнік спытала: Ну, што ты надумала, дзяўчынка? А я адказваю: белы халат”.
Так і атрымалася. Мара здзейснілася. Толькі на змену беламу халату прыйшоў бардовы касцюм. Роўна 29 год таму пасля заканчэння Полацкага медыцынскага каледжа Валянціна вярнулася ў роднае Шуміліна і стала працаваць у цэнтральнай раённай бальніцы выязным фельчарам хуткай медыцынскай дапамогі.
“Галоўнае ў рабоце фельчара – аператыўна і кваліфікавана аказаць дапамогу, зняць боль. І калі я бачу, што боль адступіў, хвораму стала лягчэй, пакідаю пацыента са спакойнай душой”, – дзеліцца медык. Самай складанай задачай у сваёй прафесіі яна лічыць выезды на надзвычайныя здарэнні: “Ад нас патрабуецца як мага хутчэй зарыентавацца на месцы, вызначыць цяжкасць траўмаў, імгненна аказаць дапамогу і даставіць пацярпелага ў бальніцу”.
Многія жыхары нашага раёна ведаюць Валянціну Уладзіміраўну як вопытнага і спагадлівага фельчара, давяраюць ёй сваё здароўе і дзякуюць за дапамогу. Сама ж Валянціна ўпэўнена, што кожны медработнік павінен працаваць не за падзяку. “Гэта наш абавязак!” – кажа яна.
“За час работы ўсяго было, – успамінае Валянціна Уладзіміраўна, – даводзілася і жыццё ратаваць, і роды прымаць, але нічога не прымусіла мяне расчаравацца ў прафесіі. Я зрабіла правільны выбар, бо галоўнае, што ёсць у чалавека – яго здароўе і жыццё, а што можа быць лепш, чым дапамагаць захоўваць і зберагаць гэтае багацце!”
Дар’я ЧАПУРНОВА, студэнтка БДУ.
Надрукавана ў № 21 ад 14.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *