Семинар идеологического актива Шумилинского района прошёл в Мишневичах

Актуалии Общество

Выказвалі адабрэнне, гаварылі аб праблемах
Выязны семінар ідэалагічнага актыву раёна  прайшоў на базе КУСГП “Мішневічы”. Праўда, у  арганізатараў вучобы не было ў планах абмежавацца   разглядам спраў толькі ў гаспадарцы. Удзельнікі форуму азнаёміліся і з аб’ектамі сацыяльнага плана,   заехалі на ферму Заўсыска, дзе расказалі пра тое, як змяніліся ўмовы працы і адпачынку жывёлаводаў, зайшлі ў Мішневіцкую СШ, у школьны гісторыка-краязнаўчы музей. Словам, праграма была насычаная, разнастайная, багатая на інфармацыйнасць.
Пачатак заняткам паклаў аповед старшыні Мішневіцкага сельвыканкама Л. А. Гаўрыленкі пра тое, чым жыве і што клапоціць мясцовую ўладу, зрабіў кароткую характарыстыку рэгіёна. Затым па плану было наведванне мясцовай школы. Намеснік дырэктара Л. П. Жукава правяла па кабінетах адноўленай пасля працяглага рамонту  школы, расказала аб перспектывах. Яны не вельмі суцяшальныя: сёння ў школе 68 вучняў. У наступны навучальны год сюды прыбудуць вучні  з Сіроцінскай і Суравенскай школ. Гэта падтрымка, хаця часовая і нядоўгавечная. Школа ж пасля рамонту проста памаладзела, ажыла,  пасвятлелі класы, прыемна прайсці па шырокіх калідорах. Шкада, што ў школы даволі сумная перспектыва.
Пазнаёмілі ідэолагаў раёна са школьным гісторыка-краязнаўчым музеем. Гісторыя краю багатая. Гэта край легенд і мужнасці ў гады вайны, гэта край, які нарадзіў цэлую плеяду вядомых людзей не толькі ў Беларусі. І школьныя энтузіясты па драбку, па крупінцы  збіралі экспанаты. Спачатку музей месціўся ў школе, пасля ён “пераехаў” у будынак інтэрната. У адным з пакояў музея цесна,  няўтульна, сцены ядавіта-сінія, не адчуваецца рука музейшчыка-прафесіянала. “Добра было б, каб нам дапамаглі”, – просіць Л. П. Жукава. Намеснік начальніка аддзела культуры райвыканкама В. Г. Навіцкая абяцае арганізацыйную-метадычную дапамогу.
У другой зале, больш умяшчальнай, вучні школы правялі экскурсію.  Пазней   завязалася гаворка пра тое, ці варта было выводзіць музей за сцены школы, ці не лепш усё ж зноў перавезці экспанаты бліжэй да вучняў, каб яны маглі часцей звяртацца да сваёй гісторыі. Другая думка: пакінуць там, дзе ён зараз, але давесці пакоі да эстэтычна-музейнага завяршэння.   Вось такія думкі, і трэба добра разважыць і падумаць, каб знайсці  паразуменне.
Наведалі ідэолагі ферму Заўсыска, дзе  азнаёміліся з умовамі адпачынку даярак, з клопатам гаспадаркі паляпшаць умовы працы людзей.    Прыемна ўразілі ўдзельнікаў семінара ўмовы работы ў Мішневіцкай участковай амбулаторыі.
Тэарэтычныя заняткі, абмен вопытам   па рабоце інфармацыйна-прапагандысцкіх груп правялі ў будынку сельскага клуба. Намеснік дырэктара КУСГП “Мішневічы” С. М. Касцюковіч спыніўся на праблемах, якія не дазваляюць калектыву выйсці на прыстойныя вытворчыя паказчыкі,  і найперш – пра кадравую палітыку ў гаспадарцы. Моладзі мала, маладыя спецыялісты тут  не прыжываюцца, пасяўныя плошчы вялікія, а   каб наладзіць двухзменную работу тэхнікі,  яўна не хапае механізатараў. Адны кадры едуць на заробкі ў Расію, другія з’язджаюць у межах Беларусі туды, дзе больш плацяць. Вопытам работы абмяняліся   намеснікі кіраўнікоў  Обальскага керамічнага завода і ААТ “Лаўжанскае” Н. В. Будневіч і  А. С. Барысевіч.
Па каардынацыі ідэалагічнага забеспячэння на тэрыторыі сельсавета расказаў яго старшыня Л. А. Гаўрыленка.
У заключэнне работы семінара выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. Д. Вярцінская. Святлана Данілаўна нагадала  пра паляпшэнне ўмоў адпачынку сваіх работнікаў, папрасіла паставіцца адказна да выканання мерапрыемстваў у сувязі з абвяшчэннем 2013 года Годам беражлівасці. Расказала пра тое, як ідзе праца над падрыхтоўкай да выдання кнігі “Памяць”.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №26 ад 02.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *