Московские сырки с шумилинским вкусом

Актуалии Экономика

Маскоўскія сыркі з шумілінскім смакам
Каб мець добры прыбытак, прадпрыемства павінна працаваць плённа і на поўную магутнасць. Як, напрыклад, шумілінскі вытворчы цэх ААТ “Малако”: тут арганізавана работа ў тры змены.
– Не маем права прастойваць ні хвіліны, – кажа галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Пісьменны. – Завод працуе кругласутачна. Інакш нельга, трэба, каб новае сучаснае абсталяванне сябе акупіла.
За суткі на сырзаводзе выспявае 8,5 тоны сыру і каля дзвюх тон сметанковага масла. “А ўсяго за студзень-ліпень вырабілі 1233,5 тоны прадукцыі, –  дадае галоўны эканаміст прадпрыемства Марына Манак. – У тым ліку на экспарт пайшло 667 тон. Прадавалі сыр “галандскі”, “расійскі”, “пашахонскі”, “кастрамскі” у Чэлябінск, Маскву, Санкт-Пецярбург, Растоў-на-Доне. Прычым, цэны больш важкія, чым на ўнутраным  рынку”.
А рынак апошнім часам стаў вельмі патрабавальным. Каб выжыць у нялёгкіх эканамічных умовах, майстры і тэхнолагі вытворчага цэха строга сочаць за якасцю прадукцыі. Распрацоўваюць і новыя гатункі. Напрыклад, месяц таму асвоілі новы від сыру “стараславянскі”, які па смаку нагадвае “манастырскі”. Паспелі прадаць ужо больш як тры тоны. У новага гатунку хуткі тэрмін выспявання – усяго дваццаць сутак для “галандскага” трэба 60 сутак).  Гэта дазваляе хутчэй рэалізаваць сыр, а значыць, хутчэй атрымаць выручку.
Для бесперабойнай вытворчасці трэба бесперабойная пастаўка сыравіны. З гаспадарак раёна прывозяць усяго 70-75 тон. Гэтага мала. Таму яго дадаткова закупляюць у Гарадоцкім раёне (10-12 тон) і Лёзненскім (каля 20 тон). Больш за сто тон малака завод паспявае перапрацаваць за суткі. Нягледзячы на выдаткі па перавозцы, усё роўна выгадна закупляць малако ў суседзяў: рэнтабельнасць па вырабу сыру сёлета склала 8%.
Працуюць над удасканаленнем абсталявання: зрабілі рэканструкцыю ў салейным цаху, перавялі камеры выспявання сыроў на фрэонавае ахало-джванне. Адрамантавалі і камеру вэнджання: зноў у продажы з’явіўся сыр “белавежскі”. Прычым, вэндзяць яго не вадкім дымам, а на звычайным альховым пілаванні.
У планах сыраробаў – выпуск новых гатункаў сыроў. Напрыклад, прыспелі ўжо доследныя партыі “каралеўскага”, які мае смак таплёнага малака. Як расказала інжынер-тэхнолаг Ларыса Пракопчык, неўзабаве пачнуць выпускаць і сыр хуткага выспявання “расійскі новы”, а таксама “расійскі экспрэс”. На працягу месяца атрымаюць сертыфікацыю на сыр, а потым будуць прадаваць яго ў Маскву – менавіта з “расійскага экспрэсу” там мяркуюць рабіць плаўленыя сыркі “Хохланд”. Так што і ў маскоўскіх сыркоў будзе шумілінскі смак.
Аўтар Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №73 ад 21.09.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *