Шумилинские мелиораторы ищут и находят новые объекты работы

Актуалии Экология Экономика

Тэхніка і людзі – на балоце

На высечцы кустоўя, якім зараз актыўна займаюцца работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм, многа грошай не заробіш. У студзені-лютым надвор’е не дазваляла працаваць на меліярацыйных аб’ектах. Але работнікі ПМС не скардзіліся на марознае надвор’е, а шукалі шляхі выхаду з сітуацыі. Каб прадпрыемству выжыць, яго кіраўніцтву прыходзіцца кожную зіму “круціцца”, каб знайсці новыя аб’екты для работы.

Часам і не вельмі блізкія да меліярацыйных. І адзін з такіх знайшоўся летась.
“Работнікі “Віцебскіх электрасетак” яшчэ ў канцы мінулага года пашыралі просеку пад лініяй электраперадач у Язвінскім лесе. Вывезці зрэзаныя дрэвы з балоцістага лесу аказалася праблематычна, бо патрэбна спецыяльная тэхніка.  Вось таму і паклікалі нас на дапамогу, – расказаў дырэктар ПМС Аляксандр Вайцянкоў. – Да таго ж, нашы меліяратары маюць нядрэнны імідж: працуючы ў мінулыя гады на многіх аб’ектах вобласці, выконвалі работу якасна і ў сціслыя тэрміны. Што тычыцца Язвінскага лесу, дык мы прыступілі да работы яшчэ ў лістападзе мінулага года. Лясную дарогу выслалі бярвёнамі – гэта было адзінае выйсце, бо інакш па балоце было не праехаць. Летась наша прадпрыемства зарабіла ў Язвінскім лесе больш за 76 тысяч рублёў. А сёлета кантракт на работу быў прадоўжаны. І гэта нам на руку – будуць грошы на зарплату, падаткі і паліва”.
Разам з А. Я. Вайцянковым прыязджаем на аб’ект у Язвіна.  Тут кіпіць работа: на бульдозеры працуе Мікалай Барысаў, на экскаватары – Рыгор Волкаў. Рабочы Віктар Васілеўскі падказвае, куды зручней разгрузіць лес. Кантралюе работу на аб’екце і штодзённа кіруе сваёй камандай галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Лакціёнаў. “Працуем у нялёгкіх умовах, бо пад нагамі – балота, – расказаў Аляксандр Мікалаевіч. – Але прыстасаваліся і да такіх умоў. Дапамагае магутная тэхніка”.
Дарэчы, свайго прычэпа да бульдозера ў меліяратараў не было. Дык мясцовыя “кулібіны” зрабілі самаробныя сані з металічнай цыстэрны, прычапілі сані да бульдозера – і за работу.
Прыемна назіраць за зладжанай работай меліяратараў. За дзень яны вывозяць з лесу па 50-70 кубаметраў лесу. Стараюцца працаваць як мага хутчэй. Хаця работа разлічана да канца сакавіка, але ж большую яе частку пастараліся “схапіць” да канца лютага. У пачатку сакавіка, пакуль прыціскаюць маразы і не адтаяла глеба, таксама працуюць у напружаным рытме.  Усяго меліяратарам трэба вывезці з лесу 1360 м3 драўніны. Пакуль надвор’е спрыяе рабоце. Ужо вывезлі на край поля 600 кубаметраў. Кажуць, што гэтыя бярвёны пойдуць на дровы для Віцебскай ТЭЦ. Да канца сакавіка работнікі ПМС мяркуюць зарабіць у Язвінскім лесе 65 тысяч рублёў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №20 ад 13.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *