Юбилейные медали и наша бесконечная благодарность — вам, ветераны Великой Отечественной

Актуалии

Пашана і ўзнагароды – ветэранам вайны
Сёлета мы будзем святкаваць юбілей Вялікай Перамогі. З гэтай нагоды  Саветам кіраўнікоў дзяржаў-удзельнікаў СНД  выпушчаны памятны юбілейны медаль “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”  Іх атрымаюць ветэраны вайны, былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, а таксама ваеннаслужачыя і тыя, хто ўнёс уклад ва  ўвекавечванне памяці загінуўшых герояў.
Пачалося ўручэнне юбілейных медалёў і на Шуміліншчыне. Прадстаўнікі раённых улад, мясцовых Саветаў дэпутатаў, раённага ваеннага камісарыята, грамадскіх арганізацый наведаюць усіх удзельнікаў і ахвяр вайны, павіншуюць іх з юбілеем Вялікай Перамогі, дапамогуць у рашэнні праблемных пытанняў. Па словах раённага ваеннага камісара А. Г. Чарняўскага, у нашым раёне ўзнагароду атрымаюць  106  чалавек.
Першымі памятныя ўзнагароды атрымалі ветэраны Лаўжанскага і Обальскага сельсавета.
У аўторак старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава разам са старшынёй Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко і намеснікам старшыні раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўнікам Г. К. Шынкевічам наведала ветэранаў Лаўжанскага сельсавета і ўручыла ім медалі “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.  У гэты дзень віншаванні з надыходзячым юбілеем і ўзнагароды атрымалі былыя вязні фашысцкіх канцлагераў і месцаў прымусовага ўтрымання Аўсяннікава Ганна Авакумаўна і Бараноўская Ніна Васільеўна з Мікіціхі, Лапавухава Марыя Рыгораўна з Юрава, Міранкова Надзея Піманаўна і Емяльянаў Сяргей Якаўлевіч з Добрына, Купрыянава Ганна Фёдараўна з Цаўёў. Усе былі крануты візітам, дзякавалі за памяць, павагу і ўвагу да іх, некаторыя расчулена і са слязамі на вачах узгадвалі, праз што ім давялося прайсці, як цяжка было страчваць родных і блізкіх, жыць удалечыні ад радзімы.
Марыі Рыгораўне Лапавухавай давялося прайсці праз некалькі лагераў. У сакавіку 1943 года яе сямігадовай дзяўчынкай разам з усёй сям’ёй (7 чалавек) забралі ў Германію. Дадому вярнуліся толькі трое: маці, яна і малодшы брат. Жанчына добра памятае і тую восень 1945-га, калі яны прыехалі ў амаль цалкам спаленую вёску Юрава (адсюль мама была родам), і як пачыналі жыць у зямлянках і хлеўчуках, і як усёй талакой адбудоўвалі вёску.
32 гады М. Р. Лапавухава адпрацавала даяркай. Разам з мужам выхавала дваіх дзяцей, дачакаліся 4-х унукаў і 2-х праўнукаў. Жывуць у згодзе і павазе. Шануюць тое, што ёсць, бо ведаюць не па чутках, што такое гора і вайна.
С. Я. Емяльянава памятны медаль “знайшоў” на Шуміліншчыне, хаця сам Сяргей Якаўлевіч з Дубровеншчыны, а ў Добрына на зіму бацькоў забірае да сябе дачка Святлана. Вельмі прыемна было ветэрану пазнаёміцца з шаноўнымі гасцямі, атрымаць памятны медаль, падзяліцца сваімі ўспамінамі.
*   *   *
Ветэранам Обальскага сельсавета ў гэты дзень юбілейныя медалі “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” уручалі ваенны камісар раёна падпалкоўнік А. Г. Чарняўскі, старшыня Обальскага сельвыканкама М. А.  Будневіч і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава. Завіталі да кожнага з 24 ветэранаў. Было бачна, што ім прыемна такая ўвага да сябе, а ўспаміны пра вайну з гадамі сталі яшчэ больш вострымі і балючымі. Іван Паўлавіч Барысевіч ніяк не можа забыць пра сваё раненне, калі ён цудам застаўся жывы. Перад вачыма Аляксандры Фёдараўны Ганчаровай  стаіць той дзень, калі яе з братам арыштоўвалі немцы, як расстралялі брата. А Валянціне Захараўне Юсупавай не даюць спакойна спаць успаміны пра дарогу ў нямецкі канцлагер, і з якім натхненнем яна расказвае пра той цяжкі, але шчаслівы шлях дадому. У кожнага з гэтых людзей свая гісторыя вайны – трагічная і гераічная, асабістая і агульная.
На Обальшчыне юбілейныя медалі  атрымалі ветэраны вайны  Іван Паўлавіч Барысевіч і Васіль Патапавіч Кажамякін,  Аляксандра Фёдараўна Ганчарова, Генадзія Эдуардаўна Лысанава, Кацярына Васільеўна Мацвеенка, Надзея Раманаўна Сабаршова, Мікалай Пятровіч Храмцоў,  Іван Сямёнавіч Абраменка, былыя вязні канцлагераў Ніна Маркіянаўна Нагібава, Зінаіда Фёдараўна Багданава, Ганна Піліпаўна Бучкіна, Анісім Васільевіч Ярафееў, Ала Міхайлаўна Курловіч, Зінаіда Піліпаўна Федарака, Марыя Іванаўна Шадзько, Яўгенія Якаўлеўна Шыёнак, Валянціна Захараўна Юсупава,  Марына Ігнатаўна Тарбенка, Марыя Пятроўна Слышанкова, працаўнікі тылу Міхаіл Антонавіч Банкетаў, Зоя Цімафееўна Малькова, Лідзія Сцяпанаўна Елісеенка, Кацярына Панцялееўна Ніканава.
*   *   *
На наступны дзень медалі “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” уручалі ветэранам Сіроцінскага і Мішневіцкага сельсаветаў.
Мішневіцкі край – партызанскі. Сёння тут пражываюць чатыры ўдзельнікі партызанскага руху – Мікалай Фёдаравіч Міхайлаў, Марыя Дзмітрыеўна Іванова, Валянціна Іларыёнаўна Максімава і Ганна Аляксееўна Старавойтава.
Таксама юбілейныя медалі “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” атрымалі удзельніца Вялікай Айчыннай вайны Алена Фёдараўна Дзмітрыева,  былыя вязні канцлагераў Вера Пятроўна Дарафеева, Сцяпан Іванавіч Капытоў, Браніслаў Міхайлавіч Раманаў. Медаль быў уручаны Віктару Паўлавічу Багатырову, які працаваў у блакадным Ленінградзе.  Уручалі медалі кіраўнік справамі райвыканкама С. Д. Белагалоў і намеснік старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” А. Л. Бычкоў.
У Сіроцінскім сельсавеце медалі атрымалі чатыры былыя вязні фашысцкіх канцлагераў: Баляслаў Аляксандравіч Бубовіч і Іван Іванавіч Рукаў, Еўфрасіння Сысоеўна Лявонава і Надзея Сцяпанаўна Шарава.
Алена КАРПУШЭНКА, Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №14 ад 20.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *