Весенний паводок шумилинским деревням не угрожает

Актуалии Безопасность

Сітуацыя з паводкай: усё пад кантролем
Бадай, самай актуальнай тэмай для жыхароў Брэстчыны і Гомельшчыны застаецца сёння падтапленне населеных пунктаў, размешчаных паблізу рэчак. Трывожацца і некаторыя вяскоўцы нашага раёна: ці інтэнсіўна будзе таяць снег і лёд, ці трэба рыхтаваць лодкі?
“Сёлетняя вясна позняя ды і снегу выпала больш нормы ў два разы, так што прыхо-дзіцца быць гатовымі да розных непрадбачаных сітуацый, – кажа старшыня раённай камісіі на надзвычайных сітуацыях А. П. Быкаў. – На тэрыторыі нашага раёна працякае Заходняя Дзвіна агульнай працягласцю 91 кіламетр. У перыяд вясенняга таяння снягоў магчыма падняцце ўзроўню вады ў Заходняй Дзвіне і яе прытоку – Обалі – больш чым на дзесяць метраў. У такім разе ў зону падтаплення  трапляе ўчастак дарогі Убоіна- Чэрчыцы.”
Сёння нельга дакладна сказаць, як хутка пачнецца крыгаход і ці будуць гэтыя “магчымыя” падтапленні. Але раённай камісіяй па надзвычайных сітуацыях на ўсялякі выпадак распрацаваны план эвакуацыі жыхароў вёскі Чэрчыцы, размешчанай на беразе Дзвіны. “На гэтым тыдні мы наведалі гэтую вёску, растлумачылі жыхарам становішча, – кажа начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукаў.  – На думку вяскоўцаў, снег усё ж будзе таяць не раптоўна, а паступова. А калі яшчэ ноччу будуць трымацца маразы – дык і падаўна разводдзя сур’ёзнага не будзе. Вяскоўцы расказалі, што вялікае разводдзе, такое, што ў вёску пад’ехаць можна было хіба толькі на лодцы,  было ў 1956 годзе. Аднак на ўсякі выпадак і сёлета падрыхтавалі свае лодкі, запасліся прадуктамі, загадзя абмянялі газавыя балоны”.
На выпадак вялікага разводдзя жыхары Чэрчыцаў будуць часова эвакуіраваны ў дзіцячы сад в. Лявонава, расказаў намеснік начальніка РАНС В. В. Шархун.  Інвалідаў і хворых людзей размесцяць у райбальніцы. У ліквідацыі наступстваў паводкі будуць задзейнічаны не толькі  супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, але і  дарожныя службы, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, камунгас, іншыя арганізацыі. За падвоз прадуктаў харчавання, палявую кухню ў адказе райспажыўтаварыства.  “На выпадак вялікай вады ёсць дамоўленасць з мясцовымі жыхарамі, што яны на асабістых лодках будуць падвозіць аднавяскоўцам прадукты ад аўталаўкі, – кажа старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч. – Ніхто без хлеба не застанецца”.
“Паводкавую сітуацыю трымаем пад кантролем, – кажа А. П. Быкаў. – Спадзяемся, што усё ж прырода будзе літасцівай, што лёд растане паступова і вясковым жыхарам не трэба будзе эвакуіравацца з родных хат”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №27 за 05.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *