В Шумилинском районе популярны Полины, Варвары, Егоры и Артёмы

Общество Официально

Ёсць Паліна і Варвара і зусім няма Дзіяны
Свет без дзяцей – свет без надзеі і будучага. Дзеці прыносяць у дом радасць і шчасце, напаўняюць жыццё бацькоў цеплынёй і святлом. Радасць і шчасце прыйшлі ў гэтым годзе ў 49 сем’яў нашага раёна. Менавіта столькі нараджэнняў зарэгістравана за першы квартал 2013 года. На 24 хлопчыкі і 25 дзяўчынак стала багацей Шуміліншчына. 31 дзіця нарадзілася ў поўных сем’ях, у 18-ці выпадках нараджэнне дзяцей зарэгістравана ў матуль, якія не замужам (такім чынам, доля пазашлюбных дзяцей уагульнай колькасці склала 36,7%).  Для параўнання: за аналагічны перыяд мінулага года зарэгістравана 57 нараджэнняў (31 хлопчык і 26 дзяўчынак), 25 дзяцей нарадзілася па-за шлюбам – гэта было амаль 44%.
У Шуміліне нарадзілася амаль палова ўсіх дзетак – 23 (11 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак), у Обальскім сельсавеце – 11 (5+6), у Лаўжанскім – 3 (2+1), у Светласельскім – 5 (2+3), у Сіроцінскім – 3 (2+1), у Дабейскім сельсавеце – 2 хлопчыка, у Мікалаёўскім – 2 дзяўчынкі, у Мішневіцкім і Каўлякоўскім сельсаветах дзяцей не было.
У 20-ці сем’ях нарадзілася  першае дзіця, у 18-ці – другое, у 8-мі – трэцяе, у трох – чацвёртае дзіця.
Усяго пры выбары імёнаў для 24-х хлопчыкаў і 25-ці дзяўчынак бацькамі выкарыстана 19 мужчынскіх і 18  жаночых імёнаў. Сярод мужчынскіх па-ранейшаму любімымі застаюцца Арцём і Ягор, новы віток папулярнасці атрымалі імёны Яраслаў і Данііл, а вось імёны Глеб, Мацвей і Дзмітрый губляюць сваю папулярнасць.
Сярод жаночых імён да лідара мінулага года  Аляксандры дадаліся імёны Варвара і Паліна, зноў уваходзяць у моду імёны Марыя і Дар’я. У той жа час такія імёны, як Мілана і Дзіяна, папулярныя летась, сёлета бацькамі наогул ігнараваліся. Губляе папулярнасць і імя Ганна.
Самае цяжкое дзіця – хлопчык – вагой  4 кг  260 г (ягоны рост 54 сантыметры) нарадзілася  ў першым квартале. Да пары яму нарадзілася і дзяўчынка 4 кг 80 г і ростам 55 сантыметраў. А сярод самых лёгкіх – хлопчык вагай 1 кг 480 г, ростам 40 см і дзяўчынка вагай 2 кг 160 г і ростам 46 см.
Самаму маладому бацьку споўніўся 21 год,  маці – 17, а самым сталым адпаведна – 44 і 43 гады. Сярэдні ўзрост бацькоў склаў для бацькі – 28 год і 26 год для маці.
Віншуем усіх вас, паважаныя бацькі, з  важнай падзеяй у жыцці вашых сем’яў – нараджэннем дзяцей! Жадаем, каб заўжды панавала атмасфера любві,  павагі, сардэчнай цеплыні, бо гэта залог шчасця вашых дзяцей.
І. Кісялевіч, начальнік аддзела загсу райвыканкама.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *