Люди и судьбы. Две медали «За отвагу» в боях за Кёнигсберг

Людзі і лёсы

Хадзіў юнак у штыкавую атаку…
Глядзіш  кіно, знятае ў 70-80-х гадах  пра Вялікую Айчынную вайну,   і  ганарышся маладымі юнакамі і дзяўчатамі ваенных 40-х, верыш: калі малады юнак рвецца на фронт або ў партызаны – гэта не рэжысёрскі вымысел. Так яно, па ўсім відаць, і  было. Гэта лішні раз пацвярджае жыццё Фёдара Іванавіча Карнілава з Шуміліна, якому ў 1941-ым было ўсяго 13. Не, ён не асаджаў ваенкаматы падлеткам, ён жыў на пачатку вайны  з бацькамі ў вёсцы Непароты, што на Дабейшчыне. І жыў, і цярпеў ад голаду і нястач. Але Фёдар сталеў, набіраўся дужасці, і аднойчы ў ім зарадзілася думка пайсці на фронт.  Вядома ж, дабравольцам. Аднак не атрымалася, і толькі вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларусі  дало Фёдару такую магчымасць. Ён пайшоў у ваенкамат, сказаў, што хоча паслужыць, і яго ўзялі. Чаму? Для Ф. І. Карнілава тады гэтага пытання не існавала: значыць, пераканаў. Сапраўды, у 1944-ым ён быў не па гадах дужы,  і  з дакументамі  атрымалася неразбярыха. Ён і сёння не ведае, ці 85 яму, ці, можа, усе 86, не скажа, калі нарадзіўся – 3 красавіка ці ў маі.
Гэта ўжо не мае значэння. Важна, што ён трапіў на фронт, і быў кінуты адразу у пекла –  пад Кёнігсберг.  Немец на сваіх “законных” землях лютаваў, не здаваўся, чапляўся за кожную пядзю зямлі. Фёдар Іванавіч помніць баі пад горадам Пілаў (зараз Балтыйск). Цяжкія баі, знясільваючыя. Юнак, якому не споўнілася і сямнаццаці, не раз ішоў у  штыкавыя атакі, калоў бязлітасна, помнячы пра загінуўшых аднапалчан…
За баі ў яго два медалі “За адвагу”.  У адным з апошніх баёў яго раніла ў руку і правы бок. Медсанбат, перавязкі, бальнічны ложак…
Добра помніць Ф. І. Карнілаў дзень 9 мая 1945-га. Ён быў на кухні, дапамагаў чысціць бульбу, а тут  за акном  ўсчалася такая страляніна, такія пачаліся воклічы, што Фёдар кінуў нож і падбег да акна. Усе святкавалі Перамогу…
З арміі яго камісавалі.  Адзін баец, што заставаўся служыць, зняў свой новы шынель і перадаў юнаку, аднекуль з’явіліся новыя бацінкі. Такі вось  бравы салдат, прыбраны, з медалямі на грудзях, вярнуўся ў родную вёску.
Пасля вайны Фёдар працуе трактарыстам. У Сіроцінскай МТС, на торфаўчастку “Дабееўскі Мох”. Гартаем працоўную кніжку ветэрана. Яна спісана падзякамі і ўзнагародамі за працоўныя дасягненні, за тое, што Фёдар Карнілаў быў выдатным рацыяналізатарам.
У хаце, дзе ён і сёння жыве, нарадзіліся ў яго двое дзяцей – Валянціна і Леанід.  Яму пашанцавала з жонкай – шчырай жанчынай і шчодрай на душэўнае цяпло. Яна была за аканомку, абмывала, абшывала-цыравала, была вельмі хлебасольнай гаспадыняй. Шкада, што пра Зінаіду Міхайлаўну даводзіцца гаварыць у мінулым часе: яна памерла ў 2006-ым. З цеплынёй згадвае Фёдар Іванавіч пра сваю жонку, з якой пражылі разам ажно 53 гады.
Без гаспадыні ветэрану цяжка. Аднак побач дзеці, унукі. Найбольш дапамагае дачка Валянціна, старэйшая ў сям’і,  з зяцем Уладзімірам. Яна ў 70-ых  закончыла Полацкае педвучылішча і  адразу пабралася з маладым лейтэнантам Уладзімірам Шаршуном. Маладая сям’я   дзесяць гадоў пажыла на Байкануры, затым  у Прыбалтыцы. Вярнулася на радзіму пасля таго, як выйшаў Уладзімір у адстаўку.  І ў гарнізонах В. Ф. Шаршун працавала настаўніцай, і тады, калі вярнулася ў Шуміліна.  Дарэчы, і свякроў яе, Валянціна Фядотаўна, таксама вучыла маленькіх дзетак…
Клапатлівыя, добрыя  ў Ф. І. Карнілава дзеці і ўнукі. Іншага  ветэран і не заслужыў…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №30 ад 16.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *