Ім было б па 90…
Старажылы раёна добра памятаюць сваіх землякоў: сакратара Шумілінскага райкама партыі Леаніда Іосіфавіча Трашкова і яго жонку Марыю Якаўлеўну, якая ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай. У маі ім абодвум было б па 90 гадоў, расказалі журналістам раённай газеты іх дочкі.
Леанід Трашкоў родам з вёскі Маркава. Пасля заканчэння педінстытута працаваў настаўнікам матэматыкі, а затым і дырэктарам Амбросавіцкай школы. Сюды прыехаў разам з жонкай Марыяй, з якой пазнаёміўся падчас вучобы. У пачатку 60-х гадоў школа была драўляная, а побач знаходзіўся яшчэ дом – палова была адведзена пад вучнёўскі клас, а ў другой палове жыла сям’я Трашковых.
«Нам з сястрой Інай здавалася, што мы жывём у школе, – успамінае дачка Рэгіна. – Мама працавала завучам у школе, і да нас часта заходзілі настаўнікі, прасілі зрабіць зручны для іх расклад урокаў. Мама доўга сядзела познімі вечарамі, каб усім дагадзіць. Увогуле яна мела добры пакладзісты характар, умела ладзіць з людзьмі».
«Трашковы былі настаўнікамі ад Бога, – падзяліўся ўспамінамі іх вучань Міхаіл Захаравіч Сямёнаў, былы дырэктар СШ № 1. – З Леанідам Іосіфавічам вучні заставаліся і пасля урокаў. Не таму, што не вывучылі прадмет, а проста так: абмеркаваць некалькі варыянтаў рашэння задачы, спытаць парады па нейкім пытанні. Чалавек просты, прыземлены, Леанід Іосіфавіч быў нам адначасова і старэйшым таварышам, і сябрам. З яго заспакоенасці, умення знайсці аптымальнае рашэнне для выхаду з самых складаных сітуацый мы заўсёды бралі прыклад. Марыя Якаўлеўна выкладала гісторыю, вельмі любіла свой прадмет, захаплялася ім. Жылі Трашковы вельмі дружна».
У 1974 годзе Леаніда Трашкова прызначылі загадчыкам аддзела народнай адукацыі Шумілінскага райвыканкама, а праз некалькі гадоў ён быў абраны сакратаром райкама партыі. Дочкі помняць, як іншы раз разам з бацькам ездзілі па раёне, заязджалі ў калгасы, дзе тата вырашаў вытворчыя пытанні. Сам ён быў вельмі добрым чалавекам: падвозіў да дома кожную бабулю, якую сустракаў на сваім шляху. Уважлівасцю, павагай да старэйшага пакалення і ўвогуле да ўсіх людзей, камунікабельнасцю вылучаўся Леанід Трашкоў, згадвае ветэран працы Леанід Пагарэльскі з аграгарадка Башні, які таксама працаваў у райкаме партыі.

«Мне таксама пашчасціла быць асабіста знаёмай з Леанідам Трашковым, – кажа Раіса Шах, былы інструктар райкама партыі. – Па натуры вельмі тактоўны чалавек, ён не прымяняў ніякага пакарання да людзей за хібы або правіннасці. Толькі заўвагі рабіў, і людзі разумелі, выпраўлялі сітуацыю. Быў уважлівым да людскіх праблем. Быў працалюбівым, адказным, карыстаўся вялікім аўтарытэтам у раёне. А яшчэ вельмі любіў сям’ю, лічыў яе галоўным у сваім жыцці».
Леанід Іосіфавіч і Марыя Якаўлеўна Трашковы пражылі разам 45 гадоў. Выхавалі дзвюх дачок. Род працягваюць чацвёра ўнукаў, шасцёра праўнукаў. Усе яны ганарацца бацькамі, бабуляй і дзядулем, якія знайшлі свой апошні спачын на радзіме, у Маркаве.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Фото из семейного архива Трашковых.

