Што бывае, калі не плаціш за кватэру

Актуалии Общество

Што бывае, калі не плаціш за кватэру
Атрымаўшы зарплату, мы найперш спяшаемся разлічыцца з даўгамі, у тым ліку і за жыллёва-камунальныя паслугі. Але не для ўсіх гэта з’яўляецца нормай, і праблема даўгоў па аплаце жыллёва-камунальных паслуг у нашым раёне не перастае быць актуальнай, сцвярджае дырэктар УП ЖКГ
І. К. Штуро:
– Жыллёвым заканадаўствам прадугледжана, што наймальнікі, уласнікі жылых памяшканняў, члены арганізацый забудоўшчыкаў, абавязаны ўдзельнічаць у расходах па ўтрыманні жылога памяшкання і агульнай маёмасці сумесных домаўладанняў, а таксама рабіць аплату аказаных жыллёва-камунальных паслуг за кожны мінулы месяц у тэрмін да 25-га чысла ідучага за ім месяца. Пры гэтым члены сям’і наймальніка, уласніка жылога памяшкання, члена арганізацыі забудоўшчыка нясуць салідарную з ім адказнасць па аплаце жыллёва-камунальных паслуг.
– А за пратэрміноўку – пеня?
– Так, плацельшчыкі жыллёва-камунальных паслуг, якія несвоечасова ці не ў поўным аб’ёме ўнеслі плату за жыллёва-камунальныя паслугі, выплачваюць пеню ў памеры 0,3% ад нявыплачанай ва ўстаноўлены тэрмін сумы гэтых плацяжоў за кожны дзень пратэрміноўкі.
– Як вы ўздзейнічаеце на даўжнікоў?
– Па-першае, мы пастаянна, любым даступным спосабам нагадваем пра неабходнасць аплаты: лісты пра наяўнасць запазычанасці, тэлефонныя званкі, вывешванне спісаў даўжнікоў і іншае. Чыста псіхалагічна людзям непрыемныя гэтыя меры, і большасць стараецца вырашыць праблему ўжо ў стадыі напамінання.
Калі ж гэта не дапамагае, ЖКГ мае права прыпыніць падачу жыллёва-камунальных паслуг (вода-, электра-, цеплазабеспячэнне, каналізацыя) тым грамадзянам, якія маюць запазычанасць па іх аплаце без уважлівых прычын за два і больш разліковых перыядаў, і якія не пагасілі гэтую запазычанасць на працягу пяці дзён пасля атрымання пісьмовага папярэджання. Прычым, затраты, звязаныя з аднаўленнем камунальных паслуг, аплачваюцца самімі даўжнікамі. Паслугі аднаўляюцца на працягу не больш як двух сутак пасля таго, як у ЖКГ прад’яўляецца дакумент аб пагашэнні запазычанасці і аплаце гэтых самых затрат. Дарэчы, на 1 лістапада 46-ці абанентам спынена аказанне камунальных паслуг, але асноўная колькасць жылых памяшканняў даўжнікоў адключана ў мінулыя гады.
Яшчэ адзін спосаб – спагнанне запазычанасці ў бясспрэчным парадку на падставе выканаўчых надпісаў натарыусаў. На пачатак лістапада пададзена 326 натарыяльных надпісаў на суму 239,4 мільёна рублёў.
І самым крайнім метадам уздзеяння на даўжнікоў з’яўляецца высяленне. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнік жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду і члены яго сям’і, што жывуць разам з ім, якія маюць без уважлівых прычын шасцімесячную запазычанасць па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі і аплаце за карыстанне жылым памяшканнем, належаць высяленню ў судовым парадку з прадастаўленнем ім іншага жылля, меншага па плошчы і (ці) саступаючага яму па сваіх спажывецкіх якасцях.
А злосныя неплацельшчыкі могуць страціць нават сваё ўласнае, прыватызаванае жыллё ў выпадку нявыплаты запазычанасці. А прадастаўленае ўзамен жыллё можа быць не толькі горшым, але і ў іншым населеным пункце.
Заўважу, што на пачатак лістапада УП ЖКГ падала восем іскаў на высяленне, выселены чатыры сям’і, адзін іск знаходзіцца на разглядзе ў судзе.
З камерцыйнага жылля наймальнікі і ўсе члены іх сем’яў высяляюцца, калі не робяць выплаты без уважлівых прычын на працягу двух месяцаў. Прычым, ім не прадастаўляюцца іншыя жылыя памяшканні.
– А калі ўважлівыя прычыны запазычанасці за квартплату ўсё ж ёсць?
– Калі грамадзяне не могуць самастойна справіцца з запазычанасцю за жыллёва-камунальныя паслугі, то ў адпаведнасці з заканадаўствам ім можа быць прадастаўлена дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, за якой неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Па рашэнні райвыканкама можа рабіцца спісанне пені пры ўмове выплаты даўжнікамі асноўнага доўгу. Для гэтага трэба падаць заяву ў вольнай форме ва УП ЖКГ з указаннем прычын узнікнення запазычанасці.
Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №90 ад 17.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *