Из первых уст. Шумилинские аграрии к весенней посевной готовы

Актуалии Сельское хозяйство

Напярэдадні пасяўной мы гутарым з кіраўнікамі, галоўнымі аграномамі гаспадарак раёна. Пытаемся пра планы на сяўбу, пра падрыхтоўку тэхнікі, кадравае і іншае забеспячэнне кампаніі.
ААТ «Ляжні». «Спадзяемся на шэфаў»
В. В. Яцко, дырэктар ААТ «Ляжні»:
– Пасяўная ў гэтым годзе спазнілася, але ж яе ніхто не адмяняў. Мы практычна поўнасцю падрыхтаваліся да палявых работ. Галоўнае звяно ў гэтым працэсе  немагчыма выдзеліць. Важна ўсё: і тэхніка, і насенне, і кадры. Асабліва непакоіць апошняе. Не хапае людзей. Таму вельмі спадзяемся на шэфаў: з лясгасу да нас прыйдзе на перыяд сяўбы механізатар, а райспажыўтаварыства абяцала механізатара разам з трактарам. Думаем, дапамогуць і віцебскія шэфы: як і ў мінулым годзе прадпрыемства “Бурвод” выдзеліць машыну для развозкі абедаў.
З мінулага тыдня  на палетках працуе агрэгат для ўнясення мінеральных угнаенняў “Раса”. Каліем падкормліваем шматгадовыя травы і пашы. Наш механізатар Дзмітрый Рабчаеў працуе добра,  паспявае зрабіць за дзень да 80 гектараў.
І. С. Барадулін, галоўны аграном:
– Думаю, пасяўная будзе не з лёгкіх. Трэба паспець адсеяцца ў аптымальна сціслыя тэрміны. У першую чаргу мяркуем сеяць ячмень. А ўвогуле з 250 гектарамі зерневых на двух пасяўных агрэгатах рэальна справіцца за тыдзень. Толькі б палеткі дажджамі не заліло. Паколькі сёлета вясна позняя, думаю, што прыступім да пасяўной пасля 20 красавіка. У гэтым годзе запланавалі пасеяць у гаспадарцы 80 гектараў рапсу, 250 гектараў кукурузы, 330 гектараў шматгадовых траў.
ААТ «Лаўжанскае»Стаўка на канюшыну
В. М. Долгі, дырэктар ААТ “Лаўжанскае”:
–  Просім у прыроды толькі аднаго – надвор’я. Добра, што мы восенню пасеялі намнога больш азімых зерневых, чым звычайна. Таму вясной трэба засеяць толькі 830 гектараў зерневых. Для нашай гаспадаркі гэта нямнога. Справімся. Тры пасяўныя агрэгаты напагатове. Усе нашы механізатары прайшлі зімою перападрыхтоўку на базе вучэбна-вытворчага камбіната.  Новую тэхніку, пасяўныя агрэгаты давяраем самым вопытным. Тым не менш, гаспадарцы не хапае шэсць механізатараў. Так што запрашаем жадаючых уладкавацца да нас на работу.
В. І. Селязнёў, галоўны аграном:
–  Наша гаспадарка ў гэтым годзе робіць стаўку на канюшыну. Яна разам з цімафееўкай зойме 1200 гектараў.  260 гектараў пасеялі “па чарапку” яшчэ ў лютым, але асноўныя работы  яшчэ наперадзе. Гаспадарцы, якая мае жывёлагадоўчы комплекс, грэх не сеяць зернебабовыя, якія з’яўляюцца такім карысным кормам.
Што датычыцца зерневых, то тут накірунак на пшаніцу, пад яе адводзім 400 гектараў. У планах на гэты год – вырошчваць люцэрну. Клапоцімся і пра пасеку. У якасці меданосу плануем засеяць пятнаццаць гектараў грэчкі. Кажуць, грэчневы мёд, карычнева-залацісты па колеры, вельмі карысны.
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №30 ад 16.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *