Победителями шумилинской «Театральной весны-2013» стали коллективы их Оболи и Никитихи

Культура Новости

“Тэатральная вясна-2013”
Раённы конкурс тэатральнага мастацтва “Тэатральная вясна” праводзіцца раз на два гады. Сёлета для самадзейных акцёраў выпаў удалы выпадак паказаць сваё майстэрства. І трэба сказаць, многія тэатральныя калектывы выкарысталі яго самым лепшым чынам.
Падводзіць вынікі агляду-конкурсу сабралася прадстаўнічае журы, якое ўзначальваў начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук.
Сярод дарослых калектываў першае месца прысуджана тэатральнай трупе Обальскага ГДК (кіраўнік В. А. Сіценка), якая паказала спектакль “Як Ганна мужыка падняла”. Спектакль прайшоў на адным дыханні. Добра выканала ролю Ганны Вольга Баранава.
Тэатр мініяцюр Язвінскага СДК (В. А. Пашкевіч)  заняў другое месца. Спектакль па п’есе Т. Бразюль “Ну, мужыкі!” быў падрыхтаваны на беларускай мове. Тэатрам было падрыхтавана тры мініяцюры, якія  глядзеліся як сцэны аднаго спектакля, дзе быў удала падабраны акцёрскі ансамбль. Героі каларытныя. Калектыў тэатра разам з кіраўніком былі запрошаны на тэматычны канцэрт, прысвечаны Дню смеху.
Трэцімі журы прызнала тэатр мініяцюр Мішневіцкага СК (Н. Р. Віднікевіч) – за лепшыя  эпізадычныя ролі ў гумарыстычных мініяцюрах “Рэальнае жыццё” і моладзевы тэатральны калектыў  Ляжнёўскага СК (Н. Л. Лазука) – за спектакль па гераічнай паэме В. Лукшы “Вогненны экіпаж”. Трэба сказаць, тэатральныя пастаноўкі ляжнёўцаў заўсёды носяць драматычны характар. Усе ролі ў спектаклі мужчынскія. Паэма на беларускай мове ў вершах. Аляксандр Ермаковіч ролю раненага камандзіра экіпажа  савецкага танка Івана Каліны сыграў пранікнёна і ярка. Гэта была лепшая мужчынская роля ў “Тэатральнай вясне-2013”. Насычаная ў спектаклі была і сцэнаграфія, касцюмы і рэквізіт адпавядаў ваеннаму часу.
Сярод дзіцячых калектываў  перамогу святкаваў калектыў Лаўжанскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу (кіраўнік Е. В. Паліцан), які вельмі ўдала паставіў на сцэне спектакль па п’есе В. Аўласенка “Як казкі пераблыталіся”. Другое месца дасталася тэатральнаму калектыву Мішкавіцкага СК (З. А. Касьянава) – за спектакль па казцы Н. Карышнева-Любоцкага “Прыгоды Люціка”, трэцяе – калектыву Дабейскага СК (В. І. Леановіч) – за спектакль па казцы Л. Дзікай “Чырвоная Шапачка, трое Ваўчанят і Залатое правіла”.
Пераможцы ўзнагароджаны граматамі аддзела культуры райвыканкама і памятнымі падарункамі.   Не засталіся незаўважанымі і персаналіі акцёраў.  Лепшую мужчынскую ролю, як ужо адзначалася,  сыграў на сцэне Аляксандр Ермаковіч у “Вогненным экіпажы”, лепшую жаночую ролю – Вольга Баранава ў спектаклі “Як Ганна мужыка падняла”, адзначана праца загадчыцы дзіцячага сектара Шумілінскага ГДК В. М. Барабанавай – за аўтарскія распрацоўкі п’есы “Як Ганна мужыка падняла” і музычнай казкі “Чароўныя алоўкі”.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *