Из первых уст. В сельскохозяйственных предприятиях Шумилинского района набирают темпы весенние полевые работы

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Людзі настроены на работу”
У. І. Дзятлаў, дырэктар ААТ “Прыдзвінскі”:
– У мінулыя гады наша гаспадарка адной з першых у раёне пачынала сяўбу яравых зерневых. Але калі летась на гэты час на палетках дружна працавалі трактары, то сёлета яшчэ ляжыць снег. На пачатку гэтага тыдня правяралі палеткі,  яны былі яшчэ прамёрзлыя. Але ж вясенне-палявыя работы ўжо вядзём. Пад шматгадовыя травы ўносім калійныя ўгнаенні. На палетках працуе і “Раса”  – падкормлівае пашы азотам.
Тры пасяўныя агрэгаты стаяць напагатове, і механізатары “рвуцца ў бой”. Увогуле людзі настроены на работу. Хочуць працаваць і зарабіць. І іх не пужае, што працаваць трэба будзе амаль суткамі. Думаю,  тысяча гектараў яравых зерневых, што трэба пасеяць па плану –  нам па плячы. Тым больш што азімыя зерневыя перазімавалі  добра, страты мінімальныя.
Тэхніка ў  нас адрамантавана. Аднак катастрафічна не стае колаў на трактары. Гума зношваецца хутка, а вось каштуе занадта дорага.
Р. С. Гарлачова, галоўны аграном:
–  Акрамя зерневых, будзем сёлета сеяць 220 гектараў рапсу, 450 гектараў кукурузы. А ўвогуле пасяўная ў нас пачалася яшчэ ў лютым. Пасеялі канюшыну на 160 гектарах. Але работы наперадзе непачаты край, бо толькі шматгадовыя травы трэба пасеяць на 675 гектарах. Плануем гектараў 80 пасеяць канюшыны ў чыстым выглядзе, астатняе – сумесь канюшыны з цімафееўкай. У планах  – вырасціць у гэтым годзе ўласнае насенне канюшыны. Тых 3,8 тоны, што сабралі летась, аказалася малавата. Таму закупілі нядаўна яшчэ 1,5 тоны элітнай канюшыны.
Больш за дзве тоны – штодзённа
Ю. А. Савіцкі, дырэктар КУСГП “Ульскі”:
–  Кожны дзень аглядаем свае палеткі, якія непадалёк ад Дзвіны – там вышэй, таму менавіта з гэтых мясцін кожны  пачынаецца пасяўная. Аднак пакуль прырода не дазваляе сеяць.
У час сяўбы нам будуць дапамагаць шэфы з лясгасу, камунгасу, Обальскага керамічнага завода. Аднак нас непакоіць зусім не гэта. Баліць галава пра тое, як у гэтым годзе будзем вырашаць паліўнае пытанне. Узялі крэдыт на 85 мільёнаў, купілі за гэтыя грошы дзесяць тон паліва. Выкарыстоўваем яго для вывазу мінеральных угнаенняў,  арганікі на палеткі і для падкормкі хлорыстым каліем пашаў. Што датычыцца самой пасяўной, дык мы падлічылі, што толькі на дызельнае паліва, не гаворачы ўжо пра бензін, спатрэбіцца больш як 700 мільёнаў рублёў. А ўвогуле ў прыпар вясенняй кампаніі для бесперабойнай работы тэхнікі кожны дзень трэба  больш за дзве тоны паліва. Таму вельмі спадзяемся на бюджэтную падтрымку.
С. С. Баранаў, галоўны аграном:
–  З пасяўной сёлета спазняемся. Тры пасяўныя агрэгаты гатовы ў любы момант выехаць на поле. Большасць насення зерневых – уласнае. Для абнаўлення гатункаў купілі сёлета і эліту. У “Альгоўскім” набылі 14 тон аўсу і 10 тон яравой пшаніцы.
Непакоіць тое, што ў гаспадарцы не стае тэхнікі. Не хапае чызеляў, РДУ для ўнясення мінеральных угнаенняў, прычэпаў. Хацелася б набыць у гаспадарку яшчэ чатыры-пяць новых трактароў.
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *