Подведены итоги подворного обхода в Обольском сельсовете

Актуалии Президент

І саму камунальную службу ў Обалі трэба капітальна рамантаваць
16 красавіка ў рамках дня работы з насельніцтвам кіраўніцтва раёна правяло выязныя прыёмы грамадзян Обальскага сельсавета. Пасля дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама У. П. Куранным агледзела некаторыя вытворчыя і сацыяльныя аб’екты сельсавета, падвяла вынікі сустрэч з насельніцтвам обальскага рэгіёна.
Падворныя абходы населеных пунктаў, сустрэчы па месцы жыхарства, дні работы з насельніцтвам – усе гэтыя мерапрыемствы накіраваны на мацаванне дыялогу ўлады і насельніцтва, на  вырашэнне праблем людзей, на далейшае развіццё рэгіёна.
Вось і сустрэчы з жыхарамі Обальскага сельсавета, якія прайшлі ў пачатку красавіка, пацвердзілі неабходнасць такіх форм работы. Па-першае, не кожны чалавек звернецца ва ўладную структуру, а калі прадстаўнікі райвыканкама прыйшлі да цябе дамоў, калі кіраўніцтва раёна вядзе выязныя прыёмы ў тваёй вёсцы, тады лягчэй расказаць пра тое, што набалела. А па-другое, і прадстаўнікі ўлады, калі будуць сядзець у кабінетах, не будуць ведаць сітуацыю на месцах, да таго ж яны адразу ж могуць адказаць на многія пытанні, паведаць пра сітуацыю ў раёне і краіне, нагадаць і пра абавязкі бацькоў перад сваімі непаўналетнімі дзецьмі, абавязкі гаспадароў па ўтрыманні сваіх падворкаў.
А праблем на Обальшчыне назбіралася нямала, асабліва камунальнага характару.  Найперш па вадзе. Не будзем ужо гаварыць пра Обаль, тут пытанне, хоць і вельмі марудна, усё ж рашаецца. Але на перабоі з вадой скардзіліся жыхары і Лявонава, і Грудзінава – дзе помпа паляцела, дзе парывы водаправоду. Затое вада стаіць ў некаторых падвалах шматпавярховак Обалі, цячэ ў кватэры праз дзіравы дах, размывае дваровыя тэрыторыі.
Скардзіліся абальчане і на дрэнны вываз смецця, на нізкую тэмпературу ў некаторых кватэрах зімой, на тое, што з году ў год пераносяцца тэрміны капітальнага рамонту жылля (той жа дом № 15 па вуліцы Першамайскай абяцаюць адрамантаваць можа ўжо гадоў сем). Па ўсім відаць, што і саму камунальную службу ў Обалі трэба капітальна рамантаваць.
Такую выснову вынес У. П. Куранны пры падвядзенні вынікаў дня работы з насельніцтвам. Дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро паведаміў, што многія з акрэсленых работ рашаюцца, пагадзіўся і наконт таго, што работа обальскага ўчастка УП ЖКГ патрабуе карэннага паляпшэння.
Дзеля справядлівасці дададзім, што людзі звярталіся і з іншымі пытаннямі. Аб гэтым на нарадзе паведамілі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, намеснікі старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, А. П. Быкаў, В. В. Доктараў, якія ў гэты дзень вялі прыём.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны выказаў намер у чэрвені вярнуцца да ўсіх узнятых пытанняў абальчан, прааналізаваць іх выкананне.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *