На Купалье солнце играет

Актуалии Культура

На Купалле сонца грае
Здаўна ў беларускім народным каляндары дні сонцастаяння асаблівыя, святы падчас гэтых дзён найбольш чароўныя і любімыя народам. Зімовае сонцастаянне – Каляды, летняе – Купалле. Гэтыя святы ўвабралі ў сябе паганства і хрысціянства, традыцыі і сучаснасць.
У народзе кажуць, што на Купалле  сонца грае ўсімі фарбамі. У гэты дзень зёлкі становяцца чароўнымі, вада – святой, агонь – ачышчальным. У купальскую ночку нячыстыя сілы імкнуцца авалодаць светам і панаваць на зямлі…
Багата людзей сабралася ў мінулую пятніцу ля шумілінскага возера, каб разам адзначыць Купалле. Гандлёвыя рады райспажыўтаварыства і прыватных гандлёвых прадпрыемстваў, безліч атракцыёнаў стваралі цудоўны святочны настрой. У многіх месцах дзяўчаты плялі вянкі – галоўны атрыбут Купалля.
Удалы сцэнарый мерапрыемства прапанавалі гледачам работнікі гарадскога Дома культуры. З першых імгненняў свята ўсе акунуліся ў таямнічую атмасферу свята. Беларускія спевы і танцы, народныя гульні. З кожнай хвілінай усё больш нячысцікаў, а вось вадзянік са сваёй світай з русалак і чорта, на свята дабраліся па-сучаснаму — на катамаране. Яны і ўчынілі сапраўдны гульнявы шабаш. Як не імкнуліся нячысцікі панаваць у гэты вечар, аднак іх чараў не хапіла: неўзабаве валадарыць пачалі Купалінка ды Янка.
І вось яно чароўнае купальскае вогнішча, якое ачышчае ад няўдач ды гора і зараджае на увесь наступны год шчасцем ды ўдачай. А гэта ніколі лішнім не бывае. Таму і весяліліся-ачышчаліся людзі ад душы. Так што некаторыя, напэўна, дачакаліся і ранку, каб акунуцца і ў купальскую расу…
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №54 ад 10.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *