Шумилинский район в XIX-XX вв. Православие

Край шумілінскі

Свято-Сергиевская церковь в Лесковичах (1878 г.)

Канфесіі, храмы, святары
Праваслаўныя прыходы і цэрквы

Першыя звесткі пра цэрквы на тэрыторыі Шуміліншчыны ў “Памятных кніжках” датуюцца 1830-1839 гадамі ў даведачнай інфармацыі Полацкай і Віцебскай епархіі пра ўніяцкія храмы, што былі перададзены праваслаўнай царкве. Узгадваюцца цэрквы: у Віцебскім павеце (1839 г.) ужляцінская Свята-Пакроўская (свяшчэннік Сафоній Чарвякоўскі), полцеўская Уздвіжанская (Іаан Харошча), лескавіцкая Узнясенская (Васіль Падэрыя), жаробыцкая Свята-Іллінская (Стэфан Мацкевіч); у Гарадоцкім павеце (1830 г.): казьянская Свята-Мікалаеўская з філіяй Святых Пятра і Паўла ў сяле “Ровескім” (Роўнае) (Флор Шпакоўскі) і мішневіцкая Святога Іаана Хрысціцеля (Павел Высоцкі); у Полацкім павеце (1839 г.): обальская Свята-Ануфрыеўская (Франц Ігнатовіч), дабейская Свята-Духаўская (Іаан Берсневіч, вікарны протаіерэй Канстанцін Ігнатовіч), сіроцінская манастырская (Іаан Обух), сіроцінская Нараджэння Прасвятой Багародзіцы (Дзяменцій Яновіч), ловажская Нараджэння Прасвятой Багародзіцы (Мацвей Караткевіч), міткаўская Успенская (Іаан Мацкевіч), чэрніцкая Успенская (Пётр Быхавец).
Да цэркваў былі прыпісаны землі, якімі карысталіся святары і прычт. Часта зямельныя ўладанні цэрквам паступалі па завяшчанні ад багатых прыхаджан, звычайна памешчыкаў. Валодалі цэрквы і прыгоннымі сялянамі. У прыватнасці, ёсць звесткі пра тое, што пасля адмены прыгону прычт некаторых цэркваў атрымліваў грошы за сялян, якія адышлі ў казну: дабейскай Свята-Духаўскай – 42 руб. 47 кап., лаўжанскай у імя Зачацця Святой Ганны – 24 руб 28 кап., сіроцінскай Нараджэння Прасвятой Багародзіцы – 20 руб. 12 кап.
Статыстычныя звесткі пра цэрквы і прычт Полацкай епархіі (Кніжка за 1889 год) змяшчаюць наступную інфармацыю пра праваслаўныя храмы Шуміліншчыны:
сяло Жаробычы — у   імя Святога Прарока Іллі, царква пабудавана ў 1880 годзе, штатная, мураваная, цёплая, трывалая; прыпісная ў Казаногаве – у імя Святой Параскевы-Пятніцы, 1865, драўляная, халодная, трывалая; капліца над крыніцай з цудатворнай іконай Святой Мучаніцы Параскевы-Пятніцы, драўляная. За царквой запісана 50 дзесяцін зямлі, 40 дзесяцін няўдобіц і 2 дзесяціны лесу. Прыхаджан мужскога полу – 1227, жаночага – 1228;
сяло Лескавічы – у імя Прападобнага Сергія, 1878 г, царква штатная, мураваная, халодная, трывалая; прыпісная – у імя Узнясення Гасподняга, драўляная, халодная, лядашчая. 33 дзес. зямлі, 2 дзес. лесу. Прыхаджан – 1170 мужчын, 1183 жанчыны;
сяло Полцева – у імя Узвіжання Чэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга, штатная, халодная, драўляная, трывалая. Зямлі – 28 дзес. 2378 кв. саж., лесу – 16 дзес. Прыхаджан – 566 мужчын, 568 жанчын;
сяло Ужляціна – у імя Пакрова Прасвятой Багародзіцы, царква штатная, драўляная, халодная, лядашчая. Зямлі – 40 дзес., лесу – 20 дзес. Прыхаджан – 620 мужчын, 613 жанчын;
сяло Мішневічы – у імя Святога Прарока Іліі, 1876, царква штатная, мураваная, халодная, трывалая, прыпісная на могілках – у імя Нараджэння Святога Іаана Хрысціцеля, 1787, драўляная. Зямлі – 69 дзес. Прыхаджан – 1723 мужчын, 1737 жанчын;
сяло Казьяны – у імя Свяціцеля і Цудатворца Мікалая, 1880, царква штатная, драўляная, халодная, трывалая, прыпісная – у імя Апосталаў Пятра і Паўла, драўляная, халодная, трывалая. Зямлі 50 дзес. Прыхаджан – 2301 мужчын, 1992 жанчыны;
сяло Дабея – у імя Святога Духа, 1793, царква штатная, мураваная, халодная, трывалая. Зямлі 111 дзес., няўдобіц 23 дзес., лесу 16 дзес. Прыхаджан – 898 мужчын, 905 жанчын.
сяло Ігумена-Обаль – у імя Святога Духа, час пабудовы невядомы, царква штатная, драўляная, халодная, зусім лядашчая, прыпісная ў с. Чэрніца – у імя Святога Архістратыга Міхаіла, драўляная, халодная, лядашчая. Зямлі 35 дзес., лесу 5 дзес. Прыхаджан – 880 мужчын і 908 жанчын;
сяло Обаль-Ануфрыева – у імя Прападобнага Ануфрыя, 1844, царква штатная, халодная, драўляная, трывалая. Зямлі 31 дзес., лесу 10 дзес., 300 кв. саж. Прыхаджан – 838 мужчын, 846 жанчын;
сяло Лоўжа – у імя Зачацця Святой Ганны, час пабудовы невядомы,  царква штатная, драўляная, халодная, лядашчая. Зямлі 55 дзес., лесу 12 дзес., 120 кв. саж. Прыхаджан – 1290 мужчын, 1259 жанчын, раскольнікаў – 327 мужчын, 332 жанчын;
сяло Міткавічы (цяпер Крывое Сяло) – у імя Успення Прасвятой Багародзіцы, 1873, царква штатная, драўляная, халодная, трывалая. Зямлі 36 дзес. 248 кв. саж., лесу 102 дзес. Прыхаджан – 829 мужчын, 776 жанчын;
сяло Навікі – у імя Пакрова  Прасвятой Багародзіцы, 1808, царква штатная, драўляная, халодная, трывалая. Зямлі 3 увалокі, 2 увалокі здаецца ў арэну за 70 руб. Прыхаджан – 1068 мужчын, 1031 жанчына;
мястэчка Сіроціна – трохпрастольная: галоўны прастол у імя Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, бакавыя – у імя Богаяўлення  Гасподняга і Свяціцеля Мікалая, 1669, царква штатная, драўляная, халодная, лядашчая. Зямлі 121 дзес., 3100 кв. саж., зямля ў сяле Чэрніцах 36 дзес. 1500 кв. саж. здаецца ў арэнду за 100 руб. у год. Прыхаджан – 1110 мужчын, 1051 жанчына;
сяло Станіславова – у імя Пераўтварэння Гасподняга, 1840, царква штатная, драўляная, халодная, лядашчая. Зямлі 38 дзес. Прыхаджан – 1088 мужчын, 1073 жанчыны;
сяло Улазавічы – у імя Святой Мучаніцы Параскевы (Пятніцкай). Час пабудовы невядомы, царква штатная драўляная, халодная, лядашчая. Зямлі 33 дзес., няўдобіц 17 дзес. Прыхаджан – 394  мужчыны, 388 жанчын.
P.S. Даволі складана стварыць поўны спіс рэлігійных устаноў. Нават стваральнікі “Памятных кніжак” часам адзначалі, што якасць інфармацыі залежыць ад карэспандэнтаў з месцаў, якія не заўсёды своечасова і дакладна прадстаўляюць звесткі. У адных крыніцах будынак згадваецца як царква ці касцёл, а ў іншых называецца капліцай. Адны паведамляюць пра ўсе храмы, іншыя толькі пра штатныя, апускаючы інфармацыю пра прыпісныя ці, як кажуць цяпер, спісаныя. Так, у адных кніжках храм ў Чэрчыцах называецца царквой, а ў іншых капліцай. У адных згадваецца царква ў Чэрніцы, а ў большасці наогул не называецца. Не дадаюць дакладнасці і друкарскія памылкі.
Акрамя памятных кніжак назавём яшчэ адну крыніцу (дзякуй за падказку чытачам) : “Спіс населеных месцаў Віцебскай губерні” пад рэдакцыяй А. П. Сапунова, Віцебск, 1906 г. У гэтай кнізе названы наступныя рэлігійныя ўстановы на тэрыторыі Шумілінскага раёна:
Віцебскі павет. Жаробыцкая воласць: праваслаўныя цэрквы ў сяле Слабада-Жаробычы, вёсцы Казаногава, капліцы ў вёсках Казаногава і Завяззе. Лескавіцкая воласць: цэрквы ў сёлах Полцева і Лескавічы, прыпісныя цэрквы ў Лескавічах і в. Лазукі; касцёл у пагосце Непароты.
Старасельская воласць: царква ва Ужляціне, каталіцкая капліца каля Ужляціна.
Гарадоцкі павет. Мішневіцкая воласць: цэрквы ў Мішневічах і Барсучыне; каталіцкая капліца ў маёнтку Мікалаёва. Казьянская воласць: цэрквы — ў Казьянах і прыпісная ў маёнтку Роўнае.
Полацкі павет. Петрапаўлаўская воласць (цэнтр – Обаль): царква ў пагосце Обаль-Ігумена, капліца ў Чэрчыцах. Міхайлаўшчынская воласць (Любічы): цэрквы ў Дабеі, Міткаівчах, Навіках і Ўлазавічах, капліцы ў Любічах, Дабеі, Заграмадзіне, Пятніцкім; малельныя дамы старавераў ў Жалудове і Забор’і; яўрэйскія малельныя школы ў Любічах і Прыдзвінні. Лаўжанская воласць: цэрквы – ў Лоўжы, Станіславове, мястэчку Сіроціна, капліца ў Лоўжы; сінагогі і малельныя школы – ў Сіроціне – 2, вёсках Латкова, Шмано, Шуміліна. Андрэеўская воласць (Мішкавічы): касцёл у маёнтку Тэкленвіль.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №32 ад 23.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *