Што рабіць, каб беларуская мова ўмацоўвала пазіцыі ў грамадстве?

Образование Общество

Давайце гаварыць па-беларуску
І зноў учора на сувязь з журналістамі раёнкі пры дапамозе скайпу выйшлі вучні Обальскай школы. Гаворка, як і ў мінулы раз, ішла пра беларускую мову, яе становішча ў грамадстве, пра тыя рэсурсы, якія магчыма выкарыстаць для яе папулярызацыі.
“Як вы ставіцеся да беларускай мовы? Якую дзейнасць арганізуеце па далучэнні жыхароў раёна да роднай мовы? Што раіце рабіць нам у гэтым напрамку?” – такія пытанні адрасавалі журналістам старшакласнікі.
“Наша стаўленне да мовы выдае той факт, што ужо на працягу больш як 80 год раённая газета застаецца вернай беларускай мове, тым добрым традыцыям, што пакінулі нам у спадчыну”, – заўважыла галоўны рэдактар А. І. Пятрова.
Не толькі публіцыстыку, але і мастацкія творы, багатыя на сакавітае, трапнае беларускае слова, даўно піша намеснік рэдактара пісьменнік М. А. Мароз. Ён упэўнены, што варта, каб родная мова адчула ўсё ж падтрымку з боку дзяржавы, тады б многія пытанні вырашаліся прасцей і лягчэй.
Усе сышліся на тым, што кожны сёння здатны абраць для сябе, на якой мове будаваць узаеміны, што губляць пакінутае У. Караткевічам, І. Мележам, І. Шамякіным і іншымі сапраўднымі знаўцамі роднага слова мы проста не маем права. Для папаўнення лексічнага запасу трэба чытаць беларускіх аўтараў, прэсу на роднай мове, слухаць беларускамоўных выканаўцаў, пашыраць кола беларускамоўных стасункаў.
Дзеці расказалі, што актыўна прыцягваюць да дзейнасці ў падтрымку мовы бацькоў, суседзяў, жыхароў мястэчка. Яны не абмяжоўваюцца акцыяй  “Гаворым па-беларуску” па аўторках, а праводзяць і шматлікія іншыя мерапрыемствы: канцэрты, сустрэчы, тэматычныя вечарыны. Добра было б, каб і выкладанне ў школе вялося на беларускай мове, заўважыў Мікалай Аркадзьевіч.
Хочацца, каб гэтая добрая ініцыятыва знайшла падтрымку і ў іншых школах раёна, каб армія беларускамоўных беларусаў расла і мацнела, каб  носьбіт роднай мовы не быў у грамадстве белай варонай. А пачаць можна з сябе і прама зараз.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *