Учащиеся Шумилинской районной гимназии уже сегодня думают о своей карьере

Актуалии Образование

У гімназіі ведаюць, як вырасціць з адоранага дзіцяці высакакласнага спецыяліста

Падыходзіць да фінішу рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі падчас яе прафесійнага станаўлення”, над якім раённая гімназія працавала на працягу трох год. Зараз навучальная ўстанова знаходзіцца на стадыі абагульнення і падвядзення вынікаў работы.

Адна з істотных праблем адукацыі заключаецца ў тым, што поспех у школе не заўжды азначае поспех у жыцці. Не кожны вучань можа рэалізаваць свой высокі творчы патэнцыял пасля школы, у прафесіі. Іншымі словамі, адоранасць і высокая матывацыя да вучобы, якую дэманструе дзіця ў школе, можа не апраўдаць ускладзеных на яго спадзяванняў у далейшым жыцці. Часта так бывае, што вучань выбірае тую ці іншую вышэйшую навучальную ўстанову, зыходзячы, напрыклад, са сваіх поспехаў у прадметных алімпіядах. І ў выніку, на жаль, з яго можа атрымацца не самы лепшы спецыяліст.

Гімназія, займаючыся навучаннем дзяцей з высокім патэнцыялам, вядома, не можа не ставіць перад сабой задачу іх далейшай паспяховай сацыялізацыі. Такім чынам, як ні круці, на першы план выходзіць прафарыентацыйная работа. І тут самае галоўнае – індывідуальны падыход да кожнага вучня, патэнцыйнага прафесіянала, які ў будучым павінен быць канкурэнтаздольным на рынку працы, з аднаго боку, і ўнесці максімальны ўклад у развіццё эканомікі рэгіёна – з другога.
Рэалізацыя праекта ўключае некалькі этапаў. Найперш праводзіцца дыягностыка і выяўляецца група інтэлектуальна адораных і высокаматываваных вучняў, ствараецца банк дадзеных па накірунках прафесійных задаткаў і схільнасцяў. Затым педагогам-псіхолагам распрацоўваюцца індывідуальныя рэкамендацыі, на аснове якіх абіраюцца формы і метады работы з кожным канкрэтным вучнем. Інды-відуальны падыход у рабоце дазваляе забяспечыць і цьютараўская падтрымка. Цьютар – гэта педагог, які суправаджае індывідуальную адукацыйную праграму. Такі педагог замацаваны за кожным вучнем і дапамагае яму ўпэўнена рухацца па яго траекторыі асабовага развіцця. У гімназіі развіты профільныя накірункі вучобы, працуюць самыя розныя факультатывы і аб’яднанні па інтарэсах.
Вучань павінен ведаць, чаго ён хоча ад жыцця і як гэтага дабіцца, у якой сферы ён з найбольшым эфектам прыменіць свае здольнасці. У гэтым зацікаўлены як ён сам, так і педагогі, і бацькі. А таму ў рабоце па фарміраванні прафесійнага станаўлення задзейнічаны ўсе.
Педагогі гімназіі распрацоўваюць методыкі, укараняюць новыя формы работы, ствараюць усе неабходныя перадпасылкі для паўнавартаснага развіцця вучняў. За гады рэалізацыі інавацыйнага праекта ў гімназіі прайшло безліч самых розных мерапрыемстваў па прафарыентацыі. У тым ліку, падтрымліваецца сувязь з прадпрыемствамі нашага раёна, робіцца акцэнт на працоўным навучанні дзяцей. Вельмі важныя для самавызначэння вучняў і сустрэчы з прадстаўнікамі тых ці іншых навучальных устаноў рэспублікі, якія пастаянна праходзяць у гімназіі. Таксама вучні часта бываюць на экскурсіях і днях адкрытых дзвярэй у ВНУ.
Напрыклад, зусім нядаўна гімназісты мелі адукацыйную паездку ў Мінск на выставу “Адукацыя і кар’ера”, якая ладзілася ў выставачным комплексе “БелЭкспа”. Выстава праходзіць штогод і дае магчымасць канчаткова вызначыцца ці яшчэ толькі пазнаёміцца з выбраным ВНУ “ў жывую”. Усе топавыя беларускія ВНУ выкарыстоўваюць гэту пляцоўку як магчымасць расказаць пра сябе: ля кожнага павільёна наладжваюцца жывыя ўзаеміны з выкладчыкамі і самімі студэнтамі. Пра свае праграмы цікава расказваюць і прадстаўнікі замежных ВНУ. На выставе працуюць прадстаўнікі Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Францыі і іншых замежных краін.
Асаблівай папулярнасцю ў шумілінскіх гімназістаў карыстаўся павільён Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Цяперашнія студэнты ўзахлёб расказвалі, як там здорава і цікава вучыцца. І дырэктар гімназіі Ларыса Маладзечкіна заўважыла, што гэта ВНУ карыстаецца папулярнасцю сярод выпускнікоў гімназіі. Гімназісты пакінулі выставу з поўнымі пакетамі разнастайных буклетаў і даведнікаў і засталіся задаволены. У наступным годзе такая паездка будзе наладжана зноў. Прычым, відавочна, што карысная яна не  толькі для выпускнікоў, але і для больш малодшых вучняў.
Работа над інавацыйным праектам у гімназіі заканчваецца, педагогі абагульняюць свой вопыт і гатовы ім дзяліцца з іншымі. Усе напрацоўкі, зробленыя за гэты перыяд, надзвычай каштоўныя і будуць выкарыстоўвацца ў далейшым. “Мы будзем працягваць работу ў гэтым накірунку, бо бачым станоўчыя вынікі, – гаворыць намеснік дырэктара гімназіі Наталля Саўчанка. – Як станоўчы вынік можна адзначыць і той факт, што летась 100% выпускнікоў паступіла ў ВНУ”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №17 ад 27.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *