Актуальное интервью. ФК «Шумилино» перед стартом нового сезона

Общество Спорт, туризм

“Будзем змагацца за кожны матч”
Неўзабаве возьме старт чэмпіянат вобласці па футболе. Да стартаў рыхтуецца і ФК “Шуміліна”. Чаго чакаць ад новага чэмпіянату шумілінскім футбольным аматарам? У якой форме і з якім настроем выходзяць на першынство нашы футбалісты? Пра гэта і іншае размаўляе з капітанам ФК “Шуміліна” Аляксандрам ЯНКЕВІЧАМ.
— Аляксандр,  па якой схеме пройдзе чэмпіянат вобласці па футболе?
— Пакуль што невядома, які фармат чэмпіянату абярэ абласная федэрацыя для першай лігі, у якой мы гуляем. Магчыма, гэта будзе адна група, у якой будзе дзесяць каманд, і каманды, што зоймуць першае-другое месцы, паспрачаюцца за выхад у вышэйшую лігу. Альбо будзе раздзяленне на падгрупы па пяць каманд, тры лепшыя з якіх працягнуць далейшую барацьбу.
— Якая схема больш прывабная для ФК “Шуміліна” і, увогуле, чаго чакаць аматарам ад нашых футбалістаў?
— Фактычна, вялікай розніцы няма. Галоўнае, каб каманда правяла больш гульняў, чым у мінулыя сезоны. Згадзіцеся, 8 гульняў за сезон – гэта ж несур’ёзна. Чаго чакаць аматарам? Найперш, годнай гульні ад ФК “Шуміліна”. Будзем змагацца за кожны матч і гульню. У нашых сілах паборацца за выхад у вышэйшую лігу. Ну, а задача мінімум – сярэдзіна турнірнай табліцы.
— Аляксандр, прабачце, але штогод чуем і пра выхад у вышэйшую лігу, і пра мінімум у сярэдзіне табліцы. Але  прыходзіць новы сезон і… разгромныя вынікі, апошняе ці перадапошняе месца ў табліцы, бязвольная каманда…
— Паўтаруся, сёлета будзе годная каманда. Мы будзем змагацца за кожнае ачко, зробім усё, каб шумілінскім аматарам не было сорамна за сваю каманду. Зразумела, што шумілінскія футбалісты – не прафесіяналы. У нас, відаць, адзіная каманда, у якой няма трэнера. Мячы самі набываем, бутсы таксама. На нашы просьбы аб дапамозе, чуем у адказ “Будзе вынік, будзе і большая фінансавая падтрымка”. Так што для нас справа гонару паказаць годны вынік.
— Што змянілася ў камплектаванні каманды?
— Практыка мінулых год паказала, што толькі з нашымі мясцовымі футбалістамі вынікаў не будзе. Ды і самі футбалісты ў такой сітуацыі прафесійна не растуць. Калі ж запрасіць поўнасцю віцебскіх футбалістаў, будзе вынік, але гэта крах шумілінскаму футболу. Таму сёлета каманда сфарміравана напалову з шумілінскіх і віцебскіх футбалістаў. Думаю, што гэта аптымальны варыянт
— Аляксандр, давайце крыху спынімся па лініях.
— Пачнём з варатарскай пазіцыі. Спадзяемся, што зловіць кураж наш малады Павел Барысаў, які мінулы год правёў без вялікіх памылак. Лінія абароны, відаць, адзіная лінія, якая не патрабуе вялікіх перамен. Тут галоўнае, каб хлопцы былі ў такім складзе на кожнай сустрэчы. Сярэдняя лінія – самая праблематычная. Аднаго апорніка Ігара Дашкевіча яўна не дастаткова, гэту пазіцыю ўзмоцнім новым віцебскім футбалістам. Атака. Тут таксама праблем хапае. Ёсць у нас добрыя нападаючыя, але іх фізічнай формы хапае толькі хвілін на 15-20. У камандзе няма так званага “бягунка”. Вельмі спадзяюся, што праблемныя пазіцыі закрыюць новыя легіянеры.
— І апошняе пытанне. 9 мая ФК “Шуміліна” ў дамашняй гульні перайграў каманду “Паўднёвая” (Віцебск). Што для вас як ка-пітана паказала гульня?
— Найперш, што ў нас ёсць каманда. Хлопцы хочуць гуляць і радаваць аматараў сваёй гульнёй. Пазітыў – гэта і сама перамога, што дае добры псіхалагічны настрой перад чэмпіянатам. Хаця, выявіліся і мінусы. Над імі і будзем працаваць.
– Поспехаў вам і доўгачаканых перамог!
– Дзякуй.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *