Обольская школа греко-римской борьбы. Борец Егор Ганущенко

Молодёжь Спорт, туризм

Настроены на перамогу
Ягор Ганушчанка – неаднаразовы пераможца абласных і рэспубліканскіх турніраў, чэмпіён вобласці, сярэбраны прызёр адкрытага першынства Беларусі спартыўнага таварыства “Дынама”, бронзавы прызёр першынства Беларусі.
На спартыўным небасхіле імя обальскага барца  Ягора Ганушчанкі  ў поўны голас загучала гады два назад. У сваім узросце на сённяшні дзень лепшы ў вобласці барэц, у рэспубліцы ўваходзіць у тройку лепшых. Спартыўныя спецыялісты адзначаюць яго тэхніку і працалюбства.
Зараз Ягор вучыцца ў 7 класе Обальскай школы, у наступным навучальным годзе збіраецца ў вучылішча алімпійскага рэзерву. У секцыю да Пятра Ганушчанкі прыйшоў у першым класе. Нельга сказаць, што хлопчык адразу пачаў паказваць бліскучыя вынікі. “Звярнуў увагу на працалюбства хлопчыка, – расказвае трэнер. – Як ён упарта працаваў на трэніроўках. Да кожнай сваёй перамогі ішоў штодзённымі трэніроўкамі і… потам”. Безумоўна, у сітуацыі з Ягорам на ўсе сто сыграў трэнерскі талент Пятра Ганушчанкі. Пётр Васільевіч усяляк падтрымліваў хлопчыка, літаральна падводзіў да кожнага спаборніцтва. Як кажуць у спорце, ставіў юнаму спартсмену тэхніку. І праз пяць год Ягор Ганушчанка “выстраліў”: пачаў перамагаць на шматлікіх стартах, прычым, перамогі былі над старэйшымі спартсменамі.
“У нас, у Обалі, усе хлопчыкі хочуць займацца ў Пятра Васільевіча, — расказвае Ягор. – І я не выключэнне. Таму ў першым класе і пабег на грэка-рымскую барацьбу. Хацелася ездзіць на розныя турніры і абавязкова перамагаць. Памятаю, як радаваўся і, шчыра прызнаюся, па-добраму зайздросціў старэйшым хлопцам, якія прыязджалі з медалямі з розных турніраў”. І Ягор упарта трэніраваўся, слухаў кожнае слова трэнера, выконваў кожную ўстаноўку.
Пётр Ганушчанка даволі хутка пачаў браць юнага барца на спаборніцтвы. Вядома, на пачатку патрабаваў не бліскучых перамог, а проста годнай барацьбы на дыване. І хлопец прыбаўляў з кожным новым стартам, а паміж стартам з яшчэ большай упартасцю трэніраваўся. Такі падыход да класічнай барацьбы трэнера і выхаванца поўнасцю апраўдаў сябе: два гады назад у спартыўным свеце пачалі гаварыць пра новую зорачку грэка-рымскай барацьбы.
Сёння Пётр Ганушчанка патрабуе ад таленавітага барца годных вынікаў. І Ягор не падводзіць трэнера. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ўтварыўся бліскучы тандэм “трэнер-выхаванец”, які дазваляе дасягаць самых высокіх спартыўных вяршынь.
Сваё жыццё Ягор Ганушчанка не ўяўляе без грэка-рымскай барацьбы, яго усяляк падтрымліваюць бацькі, якія вераць, што ў прафесійнай кар’еры іх сына будуць перамогі на самых прэстыжных сусветных стартах.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *