Полевой сезон начался у мелиораторов Шумилинского района

Актуалии Экономика

Меліярацыя – сельскай гаспадарцы
Работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм заўсёды дапамагаюць сельскай гаспадарцы. Вось і сёлета, ужо з пачатку года працавалі на ферме Мосарава ў “Сіроцінскім” – вывозілі арганіку на палеткі. Такой жа работай займаліся  на ферме Ляжні-1, на жывёлагадоўчым комплексе ў ААТ “Лаўжанскае”, на ферме Макаўе, што ў СФГ “Раднік”.  “Усяго за студзень-красавік бягучага года сіламі работнікаў нашага прадпрыемства пагружана 28 тысяч тон арганічных угнаенняў, 11,6 тысячы тон вывезена на палеткі”,  – кажа дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм В. Ц. Мянькоў.
Меліяратары дапамагаюць сельскай гаспадарцы і ў час пасяўной. У прыватнасці, два механізатары на МТЗ-82 зараз працуюць у СФГ “Раднік”, адзін механізатар – у “АграБаравінцы”.
Разам з тым работнікі ПМС выконваюць і сваю непасрэдную работу – займаюцца меліярацыяй. “У нашым раёне нямала палеткаў, якія патрабуюць меліярацыі, – працягвае Васіль Цімафеевіч. – Мы выконваем увесь комплекс работ: высякаем кустоўе, прыбіраем каменне, робім дрэнаж. Па плану ў гэтым годзе трэба асушыць 144 гектары  ва ўрочышчы Федзькава, што на тэрыторыі “Ульскага”. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту нам выдаткавана 900 мільёнаў рублёў. У жніўні мы павінны здаць аб’ект у Ляжнях, дзе робім меліярацыю на 164 гектарах. Для гэтай работы нам выдзелены грошы з рэспубліканскага бюджэту – 1,3 мільярда рублёў. Нядаўна атрымалі новую касілку для падкошвання каналаў і 3 кустарэзы”.
Акрамя гэтага, меліяратары займаюцца  ачысткай каналаў і вусцяў ад заілення – працуюць у Прыазёрным, у Лескавічах.  Кожны дзень на палеткі і каналы выязджае каля трыццаці адзінак тэхнікі. А ў Сіроціне, на мяжы Шумілінскага і Гарадоцкага раёнаў, прыбіраюць каменне. “У гэтым го-дзе шмат будзем працаваць на палетках і каналах уздоўж трасы на Гарадок, – кажа галоўны інжынер ПМС А. М. Лакціёнаў. – У Гарадку ў наступным годзе будуць праходзіць “Дажынкі”, шмат гасцей паедзе праз Шумілінскі раён, таму перад намі пастаўлена задача навесці ідэальны парадак.”
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №38 ад 18.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *