Была больница сестринского ухода – стало отделение ТЦСОН

Общество

На каго абаперціся ў старасці?
У пачатку красавіка Мішневіцкая бальніца сястрынскага догляду набыла новы статус, зараз гэта  аддзяленне кругласутачнага прабывання састарэлых грамадзян Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Але ж гэта не значыць, што тут менш увагі ўдзяляюць сваім пацыентам. Як і раней, працуюць медыцынскія сёстры,  санітаркі, вядома, састарэлым патрэбна медыцынская дапамога.
“Мы былі маральна гатовы прыняць пад сваю апеку былую бальніцу сястрынскага догляду,  рыхтаваліся да гэтага загадзя, – кажа дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро. –  У ідэале  аддзяленне кругласутачнага прабывання  прадугледжвае, што тут знаходзяцца састарэлыя першай і другой групы рухомай актыўнасці.  Але ж і цяжка хворых на сённяшні дзень размясціць няма дзе.  Таму атрымалася, што ў нашым аддзяленні з 18 чалавек 7 ляжачых”.
Работнікі ТЦСАН плануюць стварыць у  аддзяленні клубы па інтарэсах, каб людзі маглі  вязаць, майстраваць, займацца іншымі любімымі справамі. Ці, напрыклад, вырошчваць  гародніну. Морква, буракі, цыбуля (што пасадзілі разам)  цяпер будуць уласныя.
Нядаўна ў аддзяленне кругласутачнага прабывання завітала з падарункамі старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Л. В. Шаўцова, прывезла 30 падушак.
“Спецыяльнага фінансавання для аддзялення кругласутачнага прабывання не прадугледжана, – працягвае гаворку Валянціна Рамуальдаўна. – Маем толькі крыху больш як 600 мільёнаў бюджэтных сродкаў, выдзеленых у пачатку года, і пазабюджэтныя сродкі Тэрытарыяльнага цэнтра, за іх і жывём. Але не бядуем, нядаўна купілі пральную машыну – будзем цяпер на месцы мыць адзенне. У пакоі адпачынку паставілі  тэлевізар і халадзільнік. Дапамагае і  раённы бюджэт, выдзеліў на рамонт 20 мільёнаў рублёў, пачалі рамантаваць кацельню. Маем на мэце давесці да ладу гасціную, дзе мяркуем зрабіць куток для малітваў, павесіць іконы. А ўвогуле планаў у нас многа. Шукаем спонсараў, каб купіць пакрывалы на ложкі. Нядаўна звярнуліся да Віцебскага дывановага камбіната, каб нам выдзелілі прыложкавыя дыванкі. А яшчэ для падапечных завезлі адзенне,  стараемся стварыць для іх годныя ўмовы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №39 ад 21.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *