На «прямой телефонной линии» у власти

Актуалии Общество Президент

Рашаць  праблемы ў  рабочым  парадку, а  не  “тушыць гарачыя  пытанні”
Напачатку “прамой лініі”, якая праходзіла ў суботу 18 чэрвеня, старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў прапанаваў падвесці вынікі мінулай размовы з жыхарамі вобласці. За хібы ў рабоце, якія прывялі да зваротаў грамадзян у аблвыканкам, чатыры службовыя асобы былі прыцягнуты да  дысцыплінарнай адказнасці, з адной спынены працоўныя адносіны. Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што гэта робіцца не для таго, каб кагосьці запужаць. Калі чалавек займае пасаду, ён павінен несці адказнасць за сваю работу.
У прыватнасці, жыллёва-камунальная гаспадарка павінна працаваць не на “тушэнне гарачых пытанняў”, а на іх прафілактыку, рашаць праблемы ў рабочым парадку, адзначыў старшыня аблвыканкама.
За тры гадзіны да губернатара патэлефанавалі 26 жыхароў Віцебшчыны з 8 гарадоў і раёнаў вобласці.
Палова ўсіх пытанняў тычылася праблем ЖКГ: зацягнутыя ці няякасныя рамонты, іншыя камунальныя пытанні. Былі пытанні па затрымках зарплаты і даўгах за здадзенае малако, па расцэнках платных паслуг ў медыцыне, па арганізацыі аўтобуснага руху. Па ўсіх пытаннях Мікалай Шарснёў даваў даручэнні абласным чыноўнікам выехаць на месца і разабрацца дасканала, каб даць чалавеку вычарпальны адказ, растлумачыць тую ці іншую сітуацыю з пункту гледжання заканадаўства краіны.
Падводзячы вынікі трохгадзіннай размовы, кіраўнік вобласці зноў заўважыў, што характар пытанняў выкрывае недастатковы ўзровень работы мясцовых спецыялістаў, якія, па ўсім бачна, часта проста не могуць і не хочуць размаўляць з людзьмі, выклікаючы тым самым звароты ў вышэйшыя інстанцыі. Трэба мяняць адносіны кіраўнікоў і спецыялістаў на месцах да зваротаў грамадзян. Павінны быць не адпіскі, а рашэнне праблем.
*     *     *
Да старшыні райвыканкама Аляксандра Снарава, які таксама праводзіў 18 чэрвеня “прамую лінію” з жыхарамі нашага раёна, патэлефанавалі пяць чалавек. Добраўпарадкаванне двара, арганізацыя “сцежкі здароўя” вакол Шумілінскага возера, месца для купання дзяцей на ім – кіраўнік раёна абяцаў асабіста вывучыць сітуацыю з выездам на месца і па магчымасці рашыць станоўча.
Адзін з жыхароў раёна прасіў дапамагчы прапісацца ў былым доме маці, якая памерла. Пытанне можна і трэба рашыць у адпаведнасці з заканадаўствам: браць спадчыну, афармляць патрэбныя дакументы на дом – ніякіх перашкод няма.
Жыхарка Обалі прасіла дапамагчы зарэгістраваць мужа як беспрацоўнага. Кіраўнік раёна прапанаваў уладкаваць мужчыну на работу: калі ёсць жаданне працаваць, для спецыяліста работа заўжды знойдзецца.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №48 ад 21.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *