Актуальное интервью. Идём в первый класс

Образование Общество

Першакласны перапалох
Бацькі будучых першакласнікаў хвалююцца зараз не менш, як бацькі выпускнікоў. Абвастрае звычайныя для такой падзеі пачуцці яшчэ і той факт, што сёлетні год выбіваецца з прывычнай карціны, што нямала насцярожвае, асабліва гараджан. Грамадскасць бударажылі чуткі пра вучобу ў другую змену, пра перапоўненасць першых класаў, пра тое, што размяшчацца першакласнікі будуць цяпер у школе, а не ў садах, як раней. З усімі гэтымі пытаннямі мы пайшлі ў аддзел адукацыі райвыканкама, каб атрымаць кампетэнтны і канчатковы адказ.
– Так, сапраўды, сёлета ў школу гатовы пайсці 194 першакласнікі, на 18 больш, чым летась, – адказвае на нашы пытанні намеснік начальніка аддзела адукацыі В. М. Саковіч, – толькі парог СШ №1 пераступяць 76 шасцігодак.
– Але ж, наколькі нам вядома, нягледзячы на гэта колькасць класаў-камплектаў сёлета скарачаецца?
– Так, гэта адбываецца ў сувязі з аптымізацыяй сеткі ўстаноў адукацыі. У раёне, як вы ведаеце, рэарганізуюцца восем школ. Калі ў мінулым годзе ў нас налічвалася 193 класы-камплекты, то цяпер іх стане на 29 менш. Закране аптымізацыя гарадскія школы. Калі, да прыкладу, у СШ №1, як правіла, набіралі чатыры першыя класы, то сёлета фарміруюцца толькі тры. Цяпер першы, пяты і дзясяты класы будуць адкрывацца толькі пры ўмове наяўнасці ў іх 24-х вучняў, я маю на ўвазе горад.
– Калі я  правільна вас разумею, то ў першы клас можа быць залічана і больш, як 24 вучні?
– І 26, і 27, галоўнае – не меней.
– Ці вялікую ролю ў тым, у якую школу пойдзе дзіця, адыгрывае рэгістрацыя?
– Не, калі сям’я жыве ў цэнтры Шуміліна, іх дзіця можа пайсці і ў СШ №1, і ў СШ №2. Дарэчы, ужо не стаіць пытанне з СШ №2 у сувязі з імклівым разрастаннем мікрараёна. СШ №2 – адзіная школа ў раёне, дзе зараз ідзе прырост вучняў.
– Мы ўжо прывыклі да таго, што вучоба першакласнікаў праходзіць на базе дзіцячых садкоў, якія яны наведвалі. Усе згаджаліся з тым, што гэта зручна і камфортна для дзяцей. А цяпер?
– Цяпер для выпускнікоў дзіцячага яслі-сада №1 і дзіцячага яслі-сада №3 нічога не зменіцца, а астатнія дзеці пойдуць у школу ў самым поўным сэнсе гэтага слова. Але не трэба гэтага пужацца. Паверце, у школах створаны ўсе ўмовы для першакласнікаў: вучэбныя кабінеты і спальні, арганізацыя харчавання і групы падоўжанага дня – усё прадумана.
– Такое новаўвядзенне можа стаць прычынай арганізацыі вучобы ў другую змену.  Хадзілі і такія чуткі.
– Дакладна – не. Ніякай другой змены не будзе.
Ад аўтара. Справядліва будзе заўважыць, што бацькоў не дужа радуюць такія змены. Натуральна, што настаўніку будзе куды больш складана раздзяліць сваю ўвагу паміж 24-ма, а то і больш першакласнікамі. Праўда, у гэтай сувязі нехта ўспамінае гады, калі ў класах было і па 35 вучняў. Так што будзем спадзявацца, што дзеткі лёгка адаптуюцца і будуць атрымліваць радасць ад вучобы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *